Панядзелак, 30 Верасень 2024

Жыхары «вёскі будучыні» просяць зрабіць зручны падход для мясцовай амбулаторыі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Аграгарадок Мазалава ў Віцебскім раёне – паказальны. У тым сэнсе, што туды возяць розныя дэлегацыі, каб пахваліцца ўмовамі, створанымі для вяскоўцаў. Там ёсць школа, дзіцячы садок, Дом культуры і нават Цэнтр прыгажосці з цырульняй і трэнажорным залам, аптэка, амбулаторыя... Але дабрацца да апошняй – праблема, асабліва для пажылых людзей.

Днямі ў аграгарадку прайшоў выяздны прыём грамадзян – да іх прыехалі старшыня Віцебскага раённага савета дэпутатаў Віктар Дарожкін і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Андрэй Балыш.

Жыхары вуліцы Меліяратараў звярнуліся з просьбай зрабіць лесвіцу да амбулаторыі, бо інакш даводзіцца рабіць вялікі крук або падымацца на круты пагорак, што вельмі нязручна для людзей сталага ўзросту або з праблемамі са здароўем.

Былі і іншыя скаргі, пераважна камунальнага характару – наконт добраўпарадвакання прыдамавых тэрыторый, рамонту цепласетак, прыборкі смецця, кепскага стану дарог і гэтак далей. Цытуючы старшыню райсавета Віктара Дарожкіна, газета «Віцьбічы» піша, што «заявителям нужно подробно объяснять, что будет сделано по тому или иному вопросу, а если не сделано, то почему. Нельзя давать людям пустых обещаний, но и недопустимо оставлять их в неведении. Информационный вакуум является одной из причин порождения многочисленных фейков, что только на руку оппонентам. Сейчас необходимо плодотворно трудиться, чтобы заручиться доверием и поддержкой граждан».

Тым не меней, выданне так і не паведамляе, якое рашэнне прынята наконт лесвіцы да амбулаторыі, хаця зрабіць яе можна літаральна на працягу пары дзен. Ды і наконт вырашэння іншых пытанняў ад грамадзян, « доверием и поддержкой» якіх спадзяюцца заручыцца прадстаўнікі ўладаў.

Вольга Матвеева