Субота, 05 Кастрычнік 2024

Флагшток важнейшы за мост? У Оршы ўжо год, як закрыты пуцеправодны мост цераз рэйкі па вуліцы Шклоўскай

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

 

Мост злучае раён прыватнай забудовы ( завулкі Лясныя і Шклоўскія) з «цывілізацыяй»: па ім мясцовыя жыхары хадзілі на працу на аршанскі мясакамбінат, у краму, на аўтобусныя прыпынкі. Цяпер яны вымушаны вярнуцца да старой практыкі, якая існавала ў 1990-я гады яшчэ да пабудовы маста: людзі пераходзяць чыгуначныя рэйкі, спускаючыся ўніз з крутога пагорка,  і зноў падымаюцца на такі самы пагорак па даўней пратаптанай сцяжынцы.

Праз тое, што мост закрылі для эксплуатацыі яшчэ 1 верасня 2023 года, аршанцы мусяць або рызыкаваць жыццём і здароўем, пераходзячы цераз рэйкі ў недазволеным месцы, або рабіць вялізны крук – каля 2 км.

У траўні 2023 года было афіцыйна вызначана, што мост знаходзіцца ў перадаварыйным стане. Неўзабаве ў мясцовай «Аршанскай газеце» з'явілася абвестка, што спецаўтабаза, якой належыць аб'ект, абвясціла конкурс на распрацоўку праектна-сметнай дакументацыі. Што было далей – не вядома, але мост дагэтуль не функцыянуе і прыкметаў падрыхтоўкі да рамонту не заўважана. Мясцовыя жыхары – а гэта пераважна людзі пенсійнага веку – вымушаны адольваць перашкоды, каб дабрацца да дому або трапіць «у горад».

Зрэшты, гэты мост яшчэ ў тыя часы, як быў збудаваны, выклікаў шмат нараканняў: яго зрабілі занадта высокім, што таксама выклікала нязручнасці. Да таго ж быў вырабдены з няякасных матэрыялаў, і бетонныя прыступкі пачалі «абсыпацца» практычна пасля першага зімовага сезона. Аднак альтэрнатывы як не было тады, так няма і цяпер: гарадскія ўлады занятыя іншымі пытаннямі.

Рамонт маста не рушыць з месца, затое ў горадзе ўсталявалі новую Дошку гонару, аздобленую гранітам і мармурам, безліч «тапіярных» кампазіцый накшталт макета «Кацюшы» са штучнага злёнага газону, і плануюць ўсталяваць флагшток на адмысловай плошчы ў Парку герояў за 5, 7 мільёнаў рублёў.

«Руководство района знает, что больше всего волнует население», -- сцвярджае кіраўнік Аршанскага райвыканкама. Таму першачарговай задачай лічыць добраўпарадкаванне сквераў і паркаў і абяцае, што ў Оршы будзе новы фантан з падсветкай.

Юрка Жмых