Субота, 03 Студзень 2015

Старшыня стваранага прафсаюзу прадпрымальнікаў: Я ў корані ня згодная з тым, што мы злодзеі і жулікі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Скончыўся 2014-ты год і распачаўся 2015-ты. Старшыня арганізацыйнай групы беларускага прафсаюзу «Разам», сябра АГП Ірына Яскевіч ласкава пагадзілася падвесьці вынікі году, які адышоў, і ацаніць магчымасьці разьвіцьця малога бізнэсу Беларусі ў Новым годзе.

– Ад самага пачатку 2014 год быў для нас, прадпрымальнікаў, досыць няпростым. Бо дзяржава стварыла нам праблемы па тэхнічнай рэглямэнтацыі і дакумэнтах. Закончыўся год яшчэ больш сумна: валюта падаражэла на 30%, падаражэла адпаведна на 30% і закупка тавару, а мы ж, як і ўсе грамадзяне, купляем усё з улікам гэтага падаражаньня.

Улічваючы сказанае вышэй, зь вялікай доляй імавернасьці можна сьцьвярджаць, што са студзеня частка прадпрымальнікаў папросту сыдуць з рынку. Прадаваць тавар зьбяднелым  пакупнікам стане немагчыма. Бо зарплаты насельніцтву на 30% ніхто не падыме. А прадаваць на шкоду сабе ці проста без прыбытку ніхто ня будзе.

Апрача таго, мы разумеем: найбліжэйшым часам абавязкова будуць паднятыя і падаткі, што ў першую чаргу адаб’ецца на тых, хто гандлюе ў раздроб невялічкімі партыямі.

Такое становішча будзе спрыяць павелічэньню шэрагаў беспрацоўных і росту колькасьці выпадкаў дэпрэсіі сярод людзей, для якіх будучыня ператварылася ў міраж. А мы ж не можам жыць абяцанкамі. Нам трэба карміць свае сем’і, вучыць сваіх дзяцей, дабудоўваць свае кватэры… Дык што настрой у Новы год маем не найлепшы.

Гарадзкія рынкі сёньня амаль пустыя. Такога навагодняга гандлю на маёй памяці яшчэ не было. Сытуацыя амаль патавая.

У гэтакіх умовах мы ўжо ня кажам пра прыбытак, які спачатку зьменшыўся з-за розьніцы заканадаўчай базы ў нас і ў Расеі, дзе ўлады далі бізнэсу пэўныя льготы, так званыя «васьмігадовыя вакацыі» – часовы пэрыяд, на працягу якога дзяржава замарозіла падаткі і ўвяла яшчэ цэлы шэраг прэфэрэнцыяў для малога бізнэсу. І сэртыфікацыя тавару там таксама не патрэбная. У сувязі ж з апошнімі падзеямі частка якаснага тавару з-за сваёй дарагоўлі наогул стане недаступнай для тутэйшага пакупніка, бо завозіць яго стане бессэнсоўна.

Мы лічым, што калі мы маем агульную з Расеяй эканамічную прастору, дык нас задаволіла б і існуючая там у дачыненьні да прадпрымальніцтва заканадаўчая база. У адрозьненьне ад нас, у суседняй дзяржаве разумеюць, што дробныя прадпрымальнікі самі ствараюць свае працоўныя месцы, самі аплачваюць усе выдаткі, зьвязаныя зь вядзеньнем свайго бізнэсу, не стаяць на біржах і нічога ня просяць у дзяржавы, апроч прымальнай заканадаўчай палітыкі ў адносінах да іх.

А рынак, ён на тое і рынак: канкуруй, калі можаш. А калі не можаш, – навядзі парадак у сваім доме, сваёй дзяржаве, проста зразумей, чаму прадпрыемствы працуюць на склад, чаму прадукцыя, якая тут вырабляецца, нерэнтабэльная. Хаця трэба аддаць належнае: дзяржаўныя чыноўнікі таксама сталі прадпрымальнікамі – ад міністэрства гандлю да міністэрства фінансаў. Я ўжо маўчу пра ўсякія там «Спортлато»… Бо выяжджаючы на закупку тавару ў Расею, мы бачым і тутэйшых чыноўнікаў, якія з задавальненьнем купляюць там рэчы.

І яшчэ хочацца сказаць: я ў корані ня згодная з тым, што мы «злодзеі» і «жулікі». Тут нам трэба яшчэ доўга вучыцца ў дзяржавы, і асабліва пасьля ўвядзеньня падатку на набыцьцё валюты. Бо нас ставяць у жорсткія ўмовы, прычым сваім прыкладам паказваюць непрымальныя для нас сродкі выжываньня, а сытуацыя эканамічнай раўнавагі сёньня як ніколі далікатная.

Але нягледзячы ні на што, мы для сябе вырашылі: сустрэнем Новы год спакойна і дачакаемся агульных для адзінай эканамічнай зоны дакумэнтаў, якія павінны быць прымальнымі ня толькі для расейскага бізнэсу, але і для нас. Хаця ўсё, што ў нас адбываецца, ня ўкладваецца ў галаве. А з улікам таго, што расейцы прагназуюць у сябе двухгадовы крызіс, я лічу, што толькі 20-30 адсоткаў прадпрымальнікаў, якія больш-менш моцна стаяць на нагах, будуць у стане перажыць цяперашні крызіс. А наогул у гэтым пляне можна пазайздросьціць мядзьведзям, якія перажываюць цяжкія часы ў сьпячцы і чакаюць вясновага сонейка. На жаль, прадпрымальнікі ня могуць прыпадобніцца да мядзьведзікаў і чакаць лепшых часоў, чакаць сонейка. Цяпер цяжка прагназаваць, колькі часу нам прыйдзецца знаходзіцца ў гэтым нявызначаным, закансэрваваным стане, але ў Новы год хочацца верыць у лепшае.

Крыніца: Дыялёг Online газэта