Панядзелак, 28 Кастрычнік 2024

На аварыйным мосце ў Лёзненскім раёне зрабілі рамонт парэнчаў. І ўсё?

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Пра тое, што парэнчы адрамантавалі 10 кастрычніка, віцебскаму  гарадскому актывісту Дзмітрыю Карняенку паведамілі ў лісце з Лёзненскага райвыканкама. На думку спадара Карняенкі, рамонт парэнчаў – гэта ўжо вялікі плюс у дадзенай сітуацыі, бо яго мясцовыя жыхары дабіваліся каля паўгода. Але ёсць і дужа вялікі мінус: мост цераз рэчку Чэрніцу, які злучае вёскі Дабрамыслі і Перамонт, ужо тры гады як чакае капітальнага рамонту, і тэрміны яго дагэтуль не вызначаны.

Паводле ліста за подпісам намесніка старшыні Лёзненскага райвыканкама Ігара Зайцава, мост быў збудаваны ў 1971 годзе і эксплуатуецца ўжо больш за 50 гадоў. У 1999 годзе, піша чыноўнік», дарожнікі зрабілі «средний ремонт моста». У 2021 годзе канструкцыя была абследавана адмыслоўцамі, якія прыйшлі да высновы пра неабходнасць капітальнага рамонту. І з таго часу ён знаходзіцца « у пераліку дарожных канструкцый для распрацоўкі перадпраектнай і праектнай дакументацыі», якую абяцаюць рапрацаваць у 2025 годзе. Адпаведна, сам рамонт можа распачацца яшчэ пазней.

Як мы ўжо пісалі, пытанне пра аварыйны стан маста сёлета ў красавіку абяркоўвалася на сесіі дэпутатаў Дабрамыслянскага сельсавета, яго старшыня асабіста выязжаў на месца і абяцаў дапамагчы. Паколькі ніякай дапамогі ад уладаў і адказных структур мясцовыя жыхары не дачакаліся, яны вырашылі дзейнічаць самі. І накіравалі на сайт petitions.by адмысловы зварот, пазней накіраваны ў Лёзненскі райвыканкам, дзе патрабавалі недкладна ўключыць рамонт маста цераз Чэрніцу ў рэгіянальныя планы добраўпарадкавання. Быў накіраваны і і персанальны зварот да старшыні Лёзненскага райвыканкама. У ім гаварылася: : «Мы не разумеем, што яшчэ павінна адбыцца, каб нашга просьба была пачутая. Няўжо трэба чакаць, каб мост цалкам абваліўся, перш чым будзе прынята рашэнне наконт рамонту? Чаму мы працягваем жыць пад пагрозай бяды? Мы не хочам дапусціць трагедыі праз адсутнасць рэакцыі на нашу просьбу!»

Напрыканцы мінулага тыдня  добраўпарадкаванне ў Дабрамыслянскім сельсавеце стала прадметам абмеркавання на сесіі райсавета. Справаздачу пра зробленае даваў старшыня сельсавета Сяргей Петушкоў. Паводле ягоных словаў, галоўнае, што было зроблена – гэта «замацаванне службовых асоб і арганізацый, дэпутатаў раённага і сельскага Саветаў дэпутатаў, членаў сельвыканкама за ўсімі населенымі пунктамі, арганізацыя вясновых суботнікаў, азеляненне, абкос вуліц і пустых участкаў, добраўпарадкаванне дзіцячых пляцовак і рамонт абсталявання на іх, збор і вываз смецця, навядзенне парадку на кантэйнерных пляцоўках, добраўпарадкаванне двароў шматкватэрных дамоў, воінскіх пахаванняў і грамадзянскіх могілак, зон адпачынку, выяўленне і знос пустых і старых дамоў». Цытуючы ягоныя словы, раённая газета «Сцяг перамогі» зазначае, што «мост цераз раку Чарніца ў аграгарадку адрамантаваны». Падобна, што рамонтам парэнчаў мясцовыя ўлады вырашылі і абысціся.

Павел Максімаў