Серада, 06 Лістапад 2024

Шумілінская «раёнка» прыдумала тэрміны, якіх няма ў беларускім заканадаўстве

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Тыя, хто сочыць за павелічэннем колькасці судоў за «распаўсюд экстрэмізму» у інтэрнэце, напэўна здагадаліся, пра што гаворка. Патлумачым: паводле ч.2 арт.19.11 КаАП жыхароў вобласці ўсё часцей караюць за рэпосты і падпіскі на «экстрэмісцкую інфармацыйную прадукцыю», пералічаную ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў, які складае Міністэрства інфармацыі. Незразумела, навошта газета «Патрыёт» вырашыла застрашваць чытачоў няіснай тэрміналогіяй.

Са спасылкай на начальніка Шумілінскага РАУС Леаніда Навіцкага, раённая газета паведамляе, што мясцовымі міліцыянтамі «сёлета выяўлена 9 выпадкаў экстрэмізму, у тым ліку 8 з іх – за распаўсюджванне незаконных матэрыялаў. Некаторыя жыхары раёна ставілі лайкі пад незаконнымі матэрыяламі ў сацыяльных сетках “аднакласнікі”, “Укантакце” (арфаграфія арыгінала захаваная) .

Сярод парушальнікаў – шасцёра грамадзян працаздольнага ўзросту, двое маюць групу інваліднасці, адзін – пенсіянер. За экстрэмісцкія дзеянні ў адносінах да шасці шумілінцаў прыменены арышт (дваім – на 5 сутак, траім – на 7, аднаму – на 15). Астатнія заплацілі штраф па 600 рублёў, у іх канфіскавалі мабільныя тэлефоны як сродак здзяйснення правапарушэння. Называць «экстрэмісцкімі дзеяннямі» рэпосты інфармацыі або падпіскі ці рэакцыі на іх – таксама «вынаходніцтва» шумілінскай «раёнкі».

Далей у артыкуле «За лайкі і рэпосты трэба адказваць!» чытачам прапанаваны «вінегрэт» з непісьменных трактовак заканадаўства. Выглядае, што ці начальнік Шумілінскага РАУС не ведае артыкулаў Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях, ці аўтарка артыкула Ларыса Кісялёва, як кажуць, «не ў тэме».

Калі артыкул прысвечаны «лайкам» і «рэпостам», то наступны прыклад выглядае недарэчным: «Жыхар раёна, арыштаваны на 15 сутак, меў у інстаграм адкрытую старонку, дзе размяшчаў фотаздымкі бел-чырвона-белага сцяга, кубкаў з яго выявай, герба “Пагоня”, што забаронена законам». Ні сцяг, ні герб Пагоня не з'яўляюццца «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Калі іх выявы не нанесены на вельмі абмежаваны спіс прадметаў. У гэтым лёгка пераканацца, адкрыўшы, па рэкамендыцыі выдання, той самы Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў на сайце Міністэрства інфармацыі.

Размяшчэнне такіх выяваў у Інтэрнэце можа кваліфікавацца хіба што як «несанкцыянаванае пікетаванне» - парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў -- паводле арт. 24.23 КаАП.

«Экстрэмісцкія матэрыялы – гэта незаконныя сімволіка і атрыбутыка», сцвярджае аўтарка артыкула, заблытваючы чытачоў раённай газеты. Кіраўніку Шумілінскага РАУС, якога цытуюць у гэтым артыкуле, няблага было б выправіць памылкі ў тэксце, дзе згадана ягонае прозвішча. А яшчэ лепей – правесці «прававы лікбез» з «байцамі ідэалагічнага фронту», якімі лічаць сябе мясцовыя журналісты.

Марына Осіпава