Чацвер, 28 Лістапад 2024

Пасля рамонту – яшчэ адзін рамонт

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Спяшаючыся з «добраўпарадкаваннем», камунальныя службы Браслава адзін двор адрамантавалі такім чынам, што суседні патанае ў вялікай лужыне. Пасля скаргаў жыхароў дома №13 па вуліцы Кастрычніка давялося бараніць пад'езд ад зацякання вады.

«Калі ідзе дождж, вада зацякае ў другі пад'езд. Раней падобных праблем не было. Просім зрабіць неабходныя захады, каб забясмечыць мажлівасць бесперашкодна трапляць у пад'езд», - пісалі жыхары Браслава ў заяве ў райвыканкам. Паводле іх назіранняў, праблемы з'явіліся пасля добраўпарадкавання суседняга двара: там паклалі новы асфальт на паркоўках і каля пад'ездаў, у выніку чаго на некалькі сантыметраў падвысіўся агульны ўзровень пакрыцця.У выніку падчас дажджоў вада пачала сцякаць і збірацца ў месцах з ніжэйшым узроўнем.

Тэрыторыю двара дома №13 прыязджала абследаваць цэлая камісія на чале са старшынём райвыканкама. «В результате было принято решение скорректировать профиль примыкающего к проблемному месту проезда, выставив таким образом соответствующие уклоны и обеспечив естественный сток воды в нужном направлении», - сайт газеты «Браславская звезда» апісвае выпраўленне недаробок, нібыта істотнае дасягненне інжынернай думкі...

У жыхароў застаецца пытанне: няўжо нельга было прадугледзець падобныя наступствы адразу, падчас прац у суседнім двары, і не праводзіць цэлае «выяздное пасяджэнне» па абсалютна простым пытанні. 

І, дарэчы, пра падобную гісторыю, калі пасля добраўпарадкавання па суседству спатрэбіліся асобныя працы па ліквідацыі новых праблем, мы нядаўна пісалі: нешта падобнае адбылося і ў Віцебску на вуліцы Чкалава. 

Святлана Макоўская