Пятніца, 29 Лістапад 2024

У Віцебску бракуе дворнікаў. На працу запрашаюць нават накіраваных у ЛПП

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Кіраўніцтва прадпрыемства «Гардармост» заключыла дамовы з лячэбна-працоўным прафілакторыем, куды накіроўваюць асобаў, што злоўжываюць алкаголем. Бо штат дворнікаў запоўнены усяго "крыху больш чым на дзве траціны".

"Гардармост" гатовы ўзяць на працу ўсіх ахвотных Толькі іх няма. Прадпрыемства перыядычна падае заяўкі ў службу занятасці, а цяпер яшчэ й заключыла дамову з ЛПП – каб запрасіць працаваць дворнікамі яго «кліентаў».

Дэфіцыт кадраў можа стаць істотна больш адчувальным менавіта ўзімку – калі трэба будзе прыбіраць снег. "Гардармост" пахваліўся новай тэхнікай - прадпрыемства атрымала пяць новых МАЗаў з магутнымі падвойнымі паліцамі і сучасныя пескаразкідвальнікі. Адна такая машына замяняе дзве. Трактары будуць чысціць ад снегу толькі вузкія праезды і тратуары. Аднак і чалавечыя рукі на ўборцы снегу проста неабходныя.

Паводле сайтаў з прапановамі працы, «прыбіральшчыку тэрыторый» - прасцей, дворніку, "Гардармост" абяцае плаціць 626 -800 рублёў. Гэта самая нізкая стаўка ў арганізацыі, якую прадпрыемства прапануе работнікам за цяжкую фізічную працу.

Таццяна Арэхава