Субота, 30 Лістапад 2024

Віцебск сустракае зіму з камунальнымі праблемамі, якія адкладаюцца да наступнай вясны

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У абласным цэнтры прайшла прамая лінія са старшынём камісіі па эканамічнай палітыцы Палаты Прадстаўнікоў, дэпутатам па Віцебскай-Горкаўскай акрузе № 17 Віктарам Нікалайкіным. Ён зазначыў, што вялікая частка зваротаў да яго тычылася камунальных праблем, прычым вырашыць іх зараз з-за ўмоваў зімовага надвор'я ўжо немагчыма. Так яны і назапашваюцца.

«Віцябляне канструктыўна ставяць пытанні, не патрабуюць заваблачных выгод і нязбытных абяцанняў. Усе праблемы, якія прагучалі, ідуць ад жыцця: жыллёва-камунальная гаспадарка, добраўпарадкаванне, дзесьці вада ў падвале, там казырок адваліўся або праблемы з фасадам дома. Я ўдзячны і мясцовым органам улады. Па-першае, яны аператыўна падключаюцца да работы па зваротах. Па-другое, я ўпэўнены: тыя праблемы, якія можна вырашыць аператыўна, будуць вырашаныя», -- распавёў пра праблемы гараджан Віктар Нікалайкін, пахваліўшы мясцовых дэпутатаў.

Але давялося зазначыць, што з некаторымі заяўкамі па камунальных праблемах дэпутаты і адказныя службы спазніліся: «Там, дзе гэта немагчыма ці немэтазгодна зрабіць хуткім часам, то мы азначылі рэальныя тэрміны выканання тых ці іншых прац. Напрыклад, асфальтаваць сёння не мае сэнсу ў сувязі з надыходам зімовага перыяду. Дзесьці трэба падфарбаваць – таксама ў зіму гэтага не будзеш рабіць. Такія працы перанеслі на 2025 год».

Змест зваротаў мясцовых жыхароў паказвае, што камунальная гаспадарка Віцебска ў гаротным стане. Гэта пацвердзіў і апошні прыём грамадзян памочнікам Прэзідэнта - інспектарам па Віцебскай вобласці Сяргеем Ляўковічам. З 10-ці пытанняў, з якімі да яго прыйшлі людзі, «сем так ці інакш датычыліся жыллёва-камунальных праблем», паведаміла гарадская газета «Віцьбічы».

«Тэма жыллёва-камунальнай гаспадаркі - у нас традыцыйная: гэта капітальны рамонт жылля, рамонт і ўборка дваровых тэрыторый і гэтак далей. Зразумела, жыллёвы фонд у горадзе і ў раёнах у пэўным аб'ёме дастаткова састарэлы, ёсць планы па яго рамонце, а ён ажыццяўляецца ў асноўным за кошт дзяржаўных сродкаў - адлічэнні грамадзян усё ж мінімальна пакрываюць такія сур'ёзныя выдаткі. Праца вядзецца планава, ёсць пэўныя нарматывы, распрацавана дакументацыя, ёсць планы, у межах і параметрах якіх і праходзяць работы», - сказаў інспектар па Віцебскай вобласці.

Частка гэтых планаў па зразумелых прычынах адклалася да наступнай вясны. Але некаторыя праблемы настолькі ЖКГ даўнія, што для іх гэта будзе ўжо далёка не першая вясна.

Аксана Молатава