Серада, 24 Снежань 2014

Крамы Віцебшчыны ашукваюць пакупнікоў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Гандлёвыя аб’екты замест таго, каб адсочваць тавары па тэрмінах прыдатнасьці і своечасова ад іх пазбаўляцца, працягваюць прапаноўваць іх спажыўцу. Супрацоўнікі тэрытарыяльнага аддзелу кантролю гандлёвай інспэкцыі па Віцебскай вобласьці Міністэрства гандлю Беларусі ў кастрычніку-лістападзе праверылі 57 аб’ектаў гандлю і грамадзкага харчаваньня.

Начальнік аддзелу гандлёвай інспэкцыі Іна Бялько паведаміла, што ў выніку кантрольных мерапрыемстваў больш за 370 найменьняў пратэрмінаванай прадукцыі на суму звыш за 24 мільёны рублёў было зьнята з рэалізацыі. Тут вызначыліся РУП «Лёзьненская хлебная база», ТАА «Стройснаб» (Віцебск), у крамах якіх можна сьмела ўсталёўваць дадатковыя прылаўкі - вітрыны другой сьвежасьці.

У сьпісе парушальнікаў маюцца і асобныя гандлёвыя аб’екты некаторых райпо. Так, работнікі крамы «Мясная крама» Лёзьненскага райпо, як высьветлілі правяраючыя, прымалі са склада ўжо пратэрмінаваную прадукцыю. У таварасуправаджальных дакумэнтах быў паказаны канчатковы тэрмін рэалізацыі паўфабрыкату са сьвініны - 14 лістапада. Аднак у гандлёвы аб’ект 17 кіляграмаў гэтай прадукцыі паступіла 17-га чысла, гэта значыць праз тры дні пасьля таго, як гэты тавар павінен быць сьпісаны.

Супрацоўнікі гандлёвай інспэкцыі выявілі і іншыя парушэньні. Напрыклад, у «Мясной краме» Мёрскага райпо на момант праверкі прадаваліся замарожаныя галубцы зь мясам, для падаўжэньня тэрмінаў прыдатнасьці якіх прадаўцом крамы дата вырабу была выпраўленая асадкай з 20.092014 на 29.09.2014.

У закусачнай «Піцэрыя» Мёрскага райпо спажыўцам прапанаваліся дранікі зь мясам, якія замест належных 260 грамаў мелі недавагу да 83 грамаў на порцыю.

У бары «Сустрэча» Браслаўскага райпо аматарам піва гэты напой (піва «Баброў» 0,5 літра) рэалізоўваўся бармэнам на 3700 рублёў даражэй за цану, вызначаную райпо.

Пустымі паліцамі шакавала ў Мёрах крама «Дары прыроды» мясцовага райпо, у якой зусім не аказалася дароў прыроды. Сярод «дэфіцыту» буракі, морква, бульба, часнык, агуркі, яблыкі, памідоры і інш.

У Лёзьненскай кавярні «Скарпіён» ПВГУП «ЮТЕС-Груп», здаецца, і ня чулі пра неабходнасьць праходжаньня работнікамі абавязковага мэдычнага агляду. Там на момант праверкі 14 лістапада ўвесь пэрсанал - кухар, афіцыянт, загадчыца - працаваў без мэдагляду. А іх жа дзейнасьць наўпрост зьвязаная з вытворчасьцю харчовай прадукцыі і абслугоўваньнем наведвальнікаў.

Усе вінаватыя будуць прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці.

Крыніца: Витебские вести