Панядзелак, 23 Снежань 2024

Помніка Генрыху Дмахоўскаму – выбітнаму скульптару і інсургенту – у Докшыцах не будзе. Яго не прызналі «сваім»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Актывісты Віцебшчыны прапаноўвалі ўсталяваць у райцэнтры помнік да наступных, 215-х угодкаў Генрыха Дмахоўскага, які загінуў падчас паўстання 1863-64 гадоў каля маёнтка Парэчча цяперашняга Докшыцкага раёна. У афіцыйным адказе на гэтую прапанову гаворыцца, што «жизнедеятельность Генрыха Дмахоўскага не связана с Докшицким районом».

Біялагічны тэрмін «жизнедеятельность» быў ужыты ў адказе з Докшыцкага райвыканкама за подпісам намесніцы кіраўніка раёна Аксаны Палачанінай.

Аргументацыя чыноўніцы спрэчная: у час паўстання Кастуся Каліноўскага 1863–1864 гадоў Дмахоўскі быў рэвалюцыйным камісарам Дзісненскага павета. Ён загінуў у баі з царскімі войскамі ля маёнтка Парэчча цяперашняга Докшыцкага раёна. Магіла, дзе Дмахоўскі пахаваны разам з двума невядомымі паўстанцамі, знаходзіцца ў лесе на старажытным курганным могільніку паблізу вёскі Бірулі Докшыцкага раёна. Доўгі час пахаванне было ў жудасным стане, але ўвесну 2020 года яго добраўпарадкавалі і ўсталявалі на каменным крыжы мемарыяльную дошку.

Генрых Дмахоўскі – выбітная асоба, захаванне памяці пра якую павінна садзейнічаць захаванню гістарычнай памяці пра выдатнага дзеяча, чые творы і жыццё складаюць важную частку нацыянальнай спадчыны Беларусі», пісалі аўтары ідэі.

Генрых Дмахоўскі нарадзіўся ў Дзісненскім павеце, зусім маладым браў удзел у вызвольным паўстаннні 1831 года. Пасля паразы паўстання атрад Дмахоўскага быў вымушаны адступіць на на тэрыторыю Аўстра-Венгрыі, тамтэйшыя ўлады арыштавалі Дмахоўскага, суд прыгаварыў яго да зняволення, якое ён адбыў у 1834—1841 гадах у крэпасці Куфтайн. Пасля вызвалення жыў у Францыі, вучыўся ў мастацкай школе, наведваў майстэрні вядомых скульптараў.
Пазней Генрых Дмахоўскі перабраўся ў ЗША і пад псеўданімам Генры Сандэрс адкрыў школу скульптуры, уласную майстэрню, дзе стварыў скульптуру «Гарыбальдзі з баявымі сябрамі», бюсты Тадэвуша Касцюшкі, прэзідэнтаў Джорджа Вашынгтона і Бенджаміна Франкліна, а таксама аўтара Дэкларацыі незалежнасці ЗША Томаса Джэферсана. Гэтыя работы і сёння ўпрыгожваюць будынак Кангрэсу ў Вашынгтоне.

Пасля смерці імператара Мікалая I і амністыі пеаехаў у Вільню. Ён адкрывае скульптурнае атэлье насупраць Кафедральнага сабора. Для гэтага храма ён выканаў фігуру святога Уладзіслава і мадэль надмагільнага помніка Барбары Радзівіл. Тут жа стварыў помнік паэту Уладзіславу Сыракомлю. У той жа час атэлье служыла месцам сустрэч рэвалюцыйна настроеных людзей — Генрых Дмахоўскі па-ранейшаму заставаўся ў самай гушчы падзей.

У 1863-м годзе кіраўніцтва паўстанцаў накіравала яго ў родныя мясціны — камісарам Дзісенскага павета. У траўні невялікі атрад Дмахоўскага прыняў бой з рэгулярнай часткай царскага войска. «Дмахоўскі васьмю стрэламі прашыты — зваліўся, стары, на рукі моладзі», — напісаў пра гэта ў лісце адзін з удзельнікаў паўстання.

Магіла, дзе Дмахоўскі пахаваны разам з двума невядомымі паўстанцамі, знаходзіцца ў лесе на старажытным курганным могільніку паблізу вёскі Бірулі Докшыцкага раёна. Доўгі час пахаванне было ў занядбаным стане, але ўвесну 2020 года яго добраўпарадкавалі і ўсталявалі на каменным крыжы мемарыяльную дошку.

Да слова, у Мёрскім раёне Генрыху Дмахоўскаму «у зямляцтве» не адмаўляюць. На афіцыйным сайце райвыканкама яго імя згадана ў пераліку «Знакамітыя людзі Мёршчыны» ў раздзеле «Грамадскія дзеячы». Праўда, дата смерці выбітнага земляка там пазначана памылкова – чамусьці 1862 год. Верагодна, Генрыха пераблыталі з Вінцэнтам Дмахоўскім, мастаком, які нарадзіўся на Слонімшчыне і насамрэч памер у 1962 годзе ў Вільні.

Павел Рачынскі