Чацвер, 18 Снежань 2014

Чарговы штраф за фота з птушкамі і клеткамі: 25 базавых велічынь Паўлу Левінаву (відэа)

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

17 сьнежня ў Чыгуначным райсудзе Віцебску завяршыўся апошні судовы працэс над удзельнікамі фотасэсіі «з клеткамі і птушкамі». Судовы працэс над Паўлам Левінавым вяла судзьдзя Алена Цыганкова. Паводле яе рашэньня, Павал Левінаў мусіць выплаціць штраф у памеры 25 базавых адзінак — 3 мільёны 750 тысяч рублёў.

Сьведкаў на гэтым судзе, як і на ранейшых разьбіральніцтвах інцыдэнту з фотасэсіяй, не было. Супраць Паўла Левінава сьведчыў супрацоўнік Чыгуначнага РАУС, маёр Аляксандар Рыбакоў, які склаў на ўдзельнікаў фотасэсіі пратаколы правапарушэньня за несанкцыянаванае пікетаваньне. Паводле ягоных словаў, усе ўдзельнікі фотасэсіі, якія сфатаграфаваліся на фоне графіці з такімі ж папяровымі клеткамі і птушкамі-арыгамі з газэт, каб працягнуць ідэю невядомага мастака, — без дазволу ўладаў выказвалі свае «асабістыя і грамадзкія інтарэсы».

Маёр міліцыі не хавае, што справы супраць семярых жыхароў Віцебску былі распачатыя з ініцыятывы начальніка аддзелу аховы правапарадку і прафіляктыкі абласной міліцэйскай управы Аляксандра Каліноўскага. Ён даў загад, каб Чыгуначны РАУС «разабраўся» з журналістамі і актывістамі, якія сфатаграфаваліся ў грамадзкім месцы. Бо потым гэтыя фотаздымкі трапілі ў інтэрнэт, што і стала для міліцыянтаў галоўнай прыкметай і доказам правапарушэньня.

Давесьці суду іншае меркаваньне Паўлу Левінаву не далі. Судзьдзя Алена Цыганкова не задаволіла ніводнага хадайніцтва праваабаронцы, у тым ліку пра перанос паседжаньня на пазьнейшы час, бо ён прыйшоў у суд хворым. Дакумэнт з паліклінікі судзьдзя не прыняла, выклікаць хуткую мэдычную дапамогу не пагадзілася. А наконт хадайніцтваў заявіла, што іх «занадта шмат», і зрабіла Паўлу Левінаву дзьве заўвагі — за тое, што ён нібыта сьвядома зацягвае працэс.

Спадарыня Цыганкова так сьпяшалася, што не дазволіла зрабіць нават дзьвюххвілінны перапынак — каб Павал Левінаў занёс скаргу старшыню суду ў суседні габінэт. Скарга тычылася паводзінаў судзьдзі Алены Цыганковай, якая катэгарычна не задавальняе хадайніцтвы і не прымае адводаў сваёй кандыдатуры.

Адзіным хадайніцтвам, задаволеным судзьдзёй яшчэ ў першы дзень суду, 12 сьнежня, быў дазвол на відэаздымкі працэсу. Аднак Алена Цыганкова забараніла здымаць суд прысутным у залі, дазволіўшы гэта толькі падсуднаму. Таму Левінаву давялося выступаць з хадайніцтвамі і даваць паказаньні, трымаючы ў руках відэакамэру.

Адно з хадайніцтваў праваабаронцы было пра тое, каб далучыць да матэрыялаў справы фотаздымкі з інтэрнэту, дзе сам Павал Левінаў праводзіць аднаасобны пікет. Адбывалася гэта летась, таксама ў лістападзе, аднак пад увагу міліцыі чамусьці ня трапіла. На думку спадара Левінава, пільны інтарэс менавіта да фотасэсіі журналістаў і актывістаў — відавочны. Але чым ён выкліканы — засталося невядомым.

Маёр Аляксандар Рыбакоў толькі паўтараў усё сказанае на ранейшых працэсах: што гэта была не фотасэсія, а несанкцыянаванае пікетаваньне.

Суд Чыгуначнага раёну падтрымаў гэтую пазыцыю: судзьдзі Дзяніс Губанаў і Алена Цыганкова прызналі ўсіх удзельнікаў фотасэсіі правапарушальнікамі. Апроч Паўла Левінава, нібыта за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі штрафы атрымалі журналісты Зьміцер Казакевіч, Алена Сьцяпанава, Кастусь Мардзьвінцаў (па 20 базавых велічыняў кожны), каардынатарка аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Тацьцяна Севярынец (25 базавых велічыняў) і актывістка таго ж аргкамітэту Алена Шабуня (18 базавых велічыняў). Выпадковы мінак Пётар Бярлінаў, які далучыўся да фотасэсіі, быў асуджаны на трое сутак арышту.

Радыё Свабода
Відэа: Дыялёг