Напярэдадні 26 жніўня 2014 году супрацоўнікі Першамайскага РАУС Віцебску “для вырашэньня пытаньня аб зьняцьці з прафіляктычнага ўліку” грамадзянскага актывіста Аляксандра Галаваня ўручылі позву суседзям Валянціны Галавань (ягонай маці) для перадачы апошняй. Рэч у тым, што ейны сын у той час адсутнічаў на тэрыторыі Беларусі. Аднак нягледзячы на гэта, у згаданы дзень ён мусіў зьявіцца ў габінэт №58 Першамайскага РАУС Віцебску к 9 гадзінам 50 хвілінам. Позву падпісаў намесьнік начальніка РАУС палкоўнік А.І. Цярэшчанка.
Далей падзеі разгортваліся наступным чынам: не дачакаўшыся спадара А. Галаваня, кіраўніцтва РАУС, відаць, адправіла на ягоныя пошукі сваіх падначаленых, бо некалькі невядомых асобаў, якія назваліся супрацоўнікамі міліцыі, незаконна праніклі ў жытло грамадзянкі Валянціны Галавань, дзе супраць яе волі правялі агляд кватэры і мэблі.
Апроч таго, у той самы дзень раніцай двое грамадзян у цывільным, прадставіўшыся супрацоўнікамі міліцыі, спрабавалі перашкодзіць Рыгору Галаваню (мужу Валянціны) прайсьці на працу. Яны без тлумачэньня якіх-небудзь прычынаў настойліва запрашалі яго праехаць у АУС Першамайскага раёну Віцебску.
Пасьля гэтага інцыдэнту грамадзянка Галавань зьвярнулася да прадстаўніка Рэспубліканскага праваабарончага грамадзкага аб’яднаньня “Беларускі Хэльсынскі Камітэт” Паўла Левінава з просьбай абараніць ейныя інтарэсы ў сувязі з парушэньнем канстытуцыйнага права на недатыкальнасьць прыватнага жытла.
2 верасьня Павал Левінаў трапіў на асабісты прыём да начальніка АУС адміністрацыі Першамайскага раёну Віцебску палкоўніка міліцыі А.І. Цярэшчанкі і ўручыў яму зварот “Аб парушэньні правоў грамадзянкі В.Р. Галавань і заканадаўства Рэспублікі Беларусь”. Аднак палкоўнік, спаслаўшыся на тое, што спадаром Левінавым не прадстаўленыя дакумэнты, якія надавалі б яму права абараняць інтарэсы грамадзянкі Галавань, пакінуў зварот без разгляду па сутнасьці.
Не пагадзіўшыся з гэткім рашэньнем, 3 кастрычніка Павал Левінаў накіраваў начальніку УУС Віцебскага аблвыканкаму палкоўніку міліцыі Манько Ю.М. зварот “Аб перашкодзе законнай дзейнасьці грамадзкага аб’яднаньня РПГА “БХК” і парушэньні заканадаўства аб зваротах грамадзян”, бо згодна са Статутам грамадзкага аб’яднаньня ейныя прадстаўнікі маюць права абараняць у дзяржаўных органах правы і законныя інтарэсы асобаў, якія лічаць, што іхныя правы парушаныя, і якія звярнуліся ў адпаведным парадку ў грамадзкае аб’яднаньне.
Спадар Левінаў меркаваў, што начальнік АУС адміністрацыі Першамайскага раёну Віцебску палкоўнік міліцыі Цярэшчанка, пакінуўшы ягоны зварот без разгляду па сутнасьці, перашкодзіў ягонай законнай дзейнасьці. Апроч таго, у дзеяньнях службовай асобы ён ўгледзеў яшчэ адно парушэньне: згодна з часткай трэцяй артыкулу 15 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб” палкоўнік міліцыі Цярэшчанка А.І. мусіў паведаміць аб пакіданьні пісьмовага звароту без разгляду па сутнасьці на працягу пяці дзён, а не на дваццаць другі дзень, як было зроблена насамрэч.
У звароце была выказаная просьба абавязаць палкоўніка міліцыі Цярэшчанку А.І. разгледзець зварот грамадзянкі Валянціны Галавань па сутнасьці і ўказаць яму на недапушчальнасьць парушэньня Закону Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб”.
Аднак насуперак здароваму сэнсу намесьнік начальніка УУС аблвыканкаму палкоўнік міліцыі Манько Ю.М., спаслаўшыся “на пункт 3 артыкулу 1 Грамадзянскага працэсуальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь”, паведаміў, што патрабаваньне аб разглядзе звароту па сутнасьці зьяўляецца неабгрунтаваным і не падлягае задавальненьню, а довад пра тое, што палкоўнік міліцыі Цярэшчанка А.І. перашкодзіў законнай дзейнасьці РПГА “БХК” з’яўляецца непацьверджаным.
Апроч таго, спадар Манько паведаміў, што будзе праведзеная службовая праверка, па выніках якой будзе вырашанае пытаньне наконт прыцягненьня да дысцыплінарнай адказнасьці вінаватых службовых асобаў АУС адміністрацыі Першамайскага раёну Віцебску.
Адказ на свой зварот да намесьніка начальніка УУС аблвыканкаму палкоўніка міліцыі Манько Ю.М. спадар Левінаў замест 18 кастрычніка атрымаў 22 кастрычніка, што зьяўляецца парушэньнем Закону РБ “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб”. Да таго ж, як сцвярджае Павал Левінаў, ніякай дадатковай праверкі і вывучэньня звароту не праводзілася.
Пры такіх абставінах, на думку Левінава, нельга было прызнаць разгледжаным па сутнасьці зварот “Аб перашкодзе законнай дзейнасьці грамадзкага аб’яднаньня РПГА “БХК” і парушэньні заканадаўства аб зваротах грамадзян” намесьнікам начальніка УУС аблвыканкаму палкоўнікам міліцыі Маньковым Ю. М. Таму ён зьвярнуўся ў Міністэрства ўнутраных справаў са скаргай.
У скарзе, адасланай у МУС 30 кастрычніка, Павал Левінаў прасіў абавязаць начальніка РАУС адміністрацыі Першамайскага раёну Віцебску палкоўніка міліцыі Цярэшчанку А.І. разгледзець зварот прадстаўніка РПГА “БХК” у інтарэсах грамадзянкі Валянціны Галавань па сутнасьці; указаць намесьніку начальніка УУС аблвыканкаму палкоўніку міліцыі Манькову Ю.М. на недапушчальнасьць парушэньня Закону Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб”; а асобаў, якія перашкаджалі законнай дзейнасьці РПГА “БХК”, прыцягнуць да вызначанай заканадаўствам адказнасьці.
На сваю скаргу з Міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь Павал Левінаў атрымаў адказ за подпісам намесьніка начальніка галоўнага ўпраўленьня аховы правапарадку і прафіляктыкі міліцыі грамадзкай бясьпекі МУС РБ А.Г. Каразея наступнага зьместу:
“Праведзенай праверкай выяўленыя асобныя парушэньні, дапушчаныя супрацоўнікамі Першамайскага РАУС г. Віцебску і УУС Віцебскага аблвыканкаму пры разглядзе Вашых зваротаў. У гэтай сувязі УУС Віцебскага аблвыканкаму даручана прыняць неабходныя меры рэагаваньня да вінаватых, а таксама арганізаваць праверку довадаў аб парушэньні недатыкальнасьці жытла Галавань В.Р. у парадку, прадугледжаным крымінальна-працэсуальным заканадаўствам.
Аб выніках Вы будзеце апавешчаныя дадаткова.
Прыносім прабачэньні за непрафэсійныя дзеяньні супрацоўнікаў органаў унутраных справаў.
Адначасова інфармуем, што довады аб парушэньні супрацоўнікамі УУС Віцебскага аблвыканкаму тэрміну разгляду Вашага звароту ад 03.10.2014 не знайшлі аб’ектыўнага пацьверджаньня.
Прынятае рашэньне Вы маеце права абскардзіць праз суд”.
Чым у рэшце рэшт скончыцца справа, пакажа час, але, як сьведчаць факты, правы чалавека ў нашай краіне не зьяўляюцца ўнівэрсальнай каштоўнасьцю нават для тых, хто паводле сваіх службовых абавязкаў мусіць іх паважаць і бараніць. У гэтым выпадку законныя правы грамадзянкі Валянціны Галавань былі парушаныя як шараговымі міліцыянтамі, так і вышэйшымі афіцэрамі МУС.