Аўторак, 17 Сакавік 2026

На Віцебшчыне выявілі парушэнні працоўнага заканадаўства ў рабоце аднаго з каледжаў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Камітэт дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці выявіў парушэнні ў рабоце адной з устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі рэгіёну. Пра гэта паведаміў сайт глыбоцкай раённай газеты “Веснік Глыбоччыны”. Назва гэтага каледжа не называецца, але ў Глыбокім існуе Глыбоцкі дзяржаўны каледж, які займаецца падрыхтоўкай кадраў для ўстаноў сельскай гаспадаркі, а таксама вучыць на кіроўцаў.

Як паведамляе дзяржкантроль Віцебшчыны, падчас праверкі былі ўстаноўлены факты парушэння працоўнага заканадаўства. Сярэдні заробак за час працоўнага адпачынку 52 супрацоўнікі атрымалі з парушэннем тэрмінаў. Больш за 100 тысяч беларускіх рублёў склала агульная сума затрыманых выплат.

 Паводле Камітэта дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці, вінаватыя службовыя асобы пакараныя. Па факце несвоечасовай выплаты адпускных адна службовая асоба ўстановы была аштрафаваная, на якую суму, ведамства не паведамляе.