Аўторак, 30 Чэрвень 2026

Жыхар Віцебска пісаў песні пра Лукашэнку, але папулярнасць здабыў у Расіі – у тых, хто падтрымлівае вайну

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Павел Агееў – не проста паэт і кампазітар. Ен вядомы перадусім у інтэрнэце: пад нікам @a8p4s  аўтар мае акаўнты  ў Instagram, TіkTok і YouTube. Там ён выкладае свае песні, словы да якіх піша сам, а музыку – з дапамогай штучнага інтэлекту. З дапамогай ШІ ён стварае і кліпы да сваіх твораў. Адзнака поспеху для яго – рост колькасці праглядаў.Але з нядаўняга часу дадаўся яшчэ адзін паказнік папулярнасці: песні Паўла Агеева пачалі выконваць  у Расіі. Асабліва часта – на конкурсах і канцэртах з вайсковым ухілам, дзе згадваюць “герояў СВО”.

Найчасцей выканаўцы абіраюць дзве песні віцебскага аўтара – “Я дочь героя”  і “Я буду ангелом твоим».

Пісаць «ідэйныя» творы Павел Агееў спрабаваў і на беларускую тэматыку. На яго старонках ёсць песні, прысвечаныя, да прыкладу супрацоўнікам   Дэпартаменту аховы. А таксама відэавіншаванні з прафесійнымі святамі прадстаўнікоў МУС і КДБ. Аляксандр Лукашэнка таксама не аднойчы быў героем  песень  Паўла Агеева, асабліва падчас мінулых прэзідэнцкіх выбараў. Ёсць у яго і песня, прысвечаная дзяржаўным гербу і сцягу. Зусім нядаўна аўтар выклаў свой твор, напісаны пачатку Вялікай Айчыннай вайны – дата 22 чэрвеня сёлета шырока адзначалася ў Беларусі.

Даволі рэдка, але часам Агееў і сам выступае са сваімі песнямі. Да прыкладу, летась на конкурсе аўтарскай песні і паэзіі "Песні сунічных бароў", які праводзіцца ў Лёзне, ен выконваў песню «Забыла, видно, та Европа». У ёй паўтараюцца зацертыя ідэалагічныя штампы пра захаванне гістарычнай памяці і «здраду» гэтай памяці з боку суседзяў – еўрапейскіх краін.

Раскруткай сваёй творчасці аўтар займаецца сам - з дапамогай прамацыйных ролікаў на сваіх старонках. Але ў беларускіх выканаўцаў песні Паўла Агеева не надта карыстаюцца попытам, нягледзячы на ўсе старанні адпавядаць ідэалагічнаму вектару.

Ігар Грыгор'еў