Серада, 24 Верасень 2014

Прыёмная мама з Воршы дамаглася, каб яе адклікалі з фармальнага адпачынку

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Прыёмная маці-выхавальніца Сьвятлана Грачуліна дамаглася таго, каб аддзел адукацыі Аршанскага райвыканкаму адклікаў яе з фармальнага адпачынку. У Воршы прайшоў першы ў Беларусі суд па пазове прыёмных бацькоў-выхавальнікаў да мясцовага аддзелу адукацыі, у якім разглядалася немагчымасьць работніка адмовіцца ад працоўнага водпуску.

Сутнасьць канфлікту Сьвятланы Грачулінай і аддзелу адукацыі палягала ў тым, што жанчыну, якая зьяўляецца ня толькі мамай, але і выхавальнікам аддзелу адукацыі, чыноўнікі неаднаразова адпраўлялі ў фармальны адпачынак. Сёлета яе вымушана адправілі ў адпачынак з 28 ліпеня па 21 верасьня, хаця прыёмнае дзіця ўвесь гэты час заставалася зь ёй. У пазове Грачуліна прасіла прызнаць незаконным загад наймальніка аб прадастаўленьні адпачынку, прызнаць, што яна знаходзіцца на працоўным месцы, і абавязаць наймальніка выплаціць за гэты пэрыяд заробак, а не адпускныя.

Гэты суд стаў прэцэдэнтам, і прычынай яму паслужыла сыстэма адносін, якая склалася паміж прыёмнымі бацькамі і чыноўнікамі. Справа ў тым, што ў Беларусі прыёмныя бацькі - гэта ня толькі апекуны дзіцяці-сіраты (гэта значыць фактычна звычайныя бацькі), але і працаўнікі аддзелу адукацыі. Прывязка да мясцовага выканкаму ў выглядзе працоўнай дамовы, лічаць прыёмныя бацькі, робіць іх празьмерна залежнымі ад волі чыноўнікаў.

У судзе Сьвятлана Грачуліна настойвала на тым, што яна ня супраць, каб прыёмнае дзіця было зь ёй, але тады і адпачынак павінен паводле закону застацца нявыкарыстаным. За год нявыкарыстанага адпачынку работніку належыць кампэнсацыя. У выпадку са Сьвятланай гадавая кампэнсацыя - гэта 4,5 мільёны рублёў. Калі ж яе адпраўляюць у адпачынак фармальна, па факце і адпачыць яна не можа, і адначасова губляе прыстойную суму.

Юрыст Алена Кашына, якая займаецца праблемамі прыёмных сем’яў, падкрэсьлівае, што сытуацыя з фармальнымі адпачынкамі актуальная практычна для ўсёй краіны: “Ва ўсёй Беларусі, апроч Магілёўскай вобласьці, прыёмных бацькоў адпраўляюць у неіснуючыя адпачынкі. Толькі адзінкам атрымоўваецца сысьці ў рэальны адпачынак. Тады навошта гэтыя адпачынкі наогул патрэбны? Да мяне са скаргамі на фармалізм зьвяртаюцца прыёмныя бацькі з усёй краіны, аднак да суду справу ніхто даводзіць ня рызыкаваў”.

Аддзел адукацыі Аршанскага райвыканкаму яшчэ да паседжаньня настойваў на тым, што наймальнік можа адправіць работніка ў адпачынак і безь яго жаданьня. Пры гэтым фармальным адпачынак Сьвятланы Грачулінай там не лічылі. У дасудовай сустрэчы чыноўнікі адмовіліся ад прапановы суду пайсьці на міравое пагадненьне. Намесьнік начальніка аддзелу адукацыі Аксана Булаўка таксама заяўляла, што пазоў прызнаваць яны не зьбіраюцца.

“Пасьля публікацыі на TUT.BY пазыцыя аддзелу адукацыі зьмянілася. Я нават не чакала. У судзе юрыст аддзелу адукацыі заявіла, што яны прапануюць мне міравое пагадненьне. Прапанавалі, што адклічуць мяне з адпачынку з 1 верасьня. Я пагадзілася, ня стала настойваць, каб прызнавалі нявыкарыстаным ўвесь адпачынак з 28 ліпеня, бо цалкам віну аддзелу адукацыі суд бы не наважыўся прызнаць. Для мяне важна было, каб аддзел адукацыі проста прызнаў сваю памылку, і ён зрабіў гэта”, - сказала Грачуліна, падкрэсьліваючы, што надалей такое рашэньне суду дае ёй права зноў патрабаваць не адпраўляць яе ў адпачынак, калі не атрымаецца ўладкаваць дзіця, напрыклад, у лягер. - І я ўсьцешаная, што мы паказалі шлях астатнім бацькам, што магчыма адмаўляцца ад адпачынку, калі дзеці застаюцца зь імі”, - дадала прыёмная маці-выхавальніца.

tut.by