Панядзелак, 12 Май 2014

Завершаная праверка па факце атрыманьня жыхаркай Віцебску траўм з-за абвалу грунту

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Віцебскім гарадзкім аддзелам Сьледчага камітэту праведзеная праверка па факце атрыманьня 12 траўня 2012 году жыхаркай абласнога цэнтру цялесных пашкоджаньняў у выніку абвалу зямельнага грунту па вуліцы Леніна ў горадзе Віцебску. Пра гэта паведаміла афіцыйны прадстаўнік упраўленьня СК па Віцебскай вобласьці Іна Гарбачова.

Цяпер, паводле яе слоў, сьледзтва чакае заключэньне прызначанай комплекснай будаўніча-тэхнічнай аўтадарожнай экспэртызы. “Экспэртнае дасьледаваньне аб’ектыўна вызначыць аб’ём дапушчаных пры вытворчасьці будаўнічых работ парушэньняў, а таксама выявіць асоб, якія дапусьцілі гэткія парушэньні. Дасьледаваньне ўжо даручанае спэцыялістам Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртыз. Экспэртыза была прызначаная, як толькі быў сабраны поўны пакет неабходных для яе правядзеньня матэрыялаў, здабытых праз вывучэньне тэхнічнай дакумэнтацыі, апытаньне відавочцаў, работнікаў будаўнічай арганізацыі і вузкапрофільных спэцыялістаў”, — сказала Гарбачова.

Адначасова, паводле яе слоў, “пераадоленае процідзеяньне з боку службовых асоб будаўнічай арганізацыі, якія з мэтай зацягваньня тэрмінаў сьледзтва наўмысна не падавалі ў вызначаныя тэрміны дакумэнты, якія падлягаюць падачы ў адпаведнасьці з заканадаўствам. У сувязі з гэтым з ініцыятывы сьледзтва дырэктар СП-СУ-232 ААТ “Жылбуд” прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасьці на падставе арт. 20.16 (непадаваньне дакумэнтаў, справаздач і іншых матэрыялаў) КаАП.

У выніку правядзеньня праверкі да паступленьня заключэньня комплекснай будаўніча-тэхнічнай аўтадарожнай экспэртызы сьледзтвам прынятае абгрунтаванае рашэньне аб адмове ў распачынаньні крымінальнай справы, сказала Гарбачова. Пры атрыманьні заключэньня будаўніча-тэхнічнай экспэртызы сьледзтва працягне вывучэньне акалічнасьцяў здарэньня. У выпадку выяўленьня прычыннай сувязі паміж дапушчанымі парушэньнямі і наступствамі вінаватыя асобы будуць прыцягнутыя да вызначанай законам адказнасьці, дадала афіцыйны прадстаўнік УСК.

БелаПАН