У сходзе ўзялі ўдзел прадстаўнікі трох рэгіёнаў: Наваполацку, Воршы і Дрысы.
Складалі плян дзеяньняў
Удзельнікі сходу склалі плян захадаў на найбліжэйшую пэрспэктыву. Адна з ідэяў - стварэньне ў рэгіёнах жаночых клюбаў як базы для зносін жанчын, якія праяўляюць актыўнасьць і хацелі б больш ведаць пра тое, што адбываецца ў краіне.
Прадстаўнікі прафсаюзаў пра дыскрымінацыю жанчын
Прадстаўнікі незалежных і свабодных прафсаюзаў распавялі падчас сустрэчы аб праблеме дыскрымінацыі работніц у працоўнай дзейнасьці ў рэгіёне. Так, намесьнік старшыні Свабоднага прафсаюзу Беларускага Мікола Шарах казаў пра дыскрымінацыю жанчын падчас уладкаваньня на працоўныя месцы са шкоднымі ўмовамі працы. Пад выглядам клопату пра здароўе жанчын ім адмаўляюць у працаўладкаваньні па спэцыяльнасьцях са шкоднымі ўмовамі працы. Напрыклад, у ААТ «Полацак-Шкловалакно» жанчын не бяруць працаваць апэратарамі вытворчасьці бесьперапыннага шкловалакна.
Сацыял-дэмакраты - за актыўнасьць жанчын
У Віцебскай вобласьці жанчыны - сацыял-дэмакраты раней абралі прадстаўнікоў рэгіёнаў, якія на месцах будуць абмяркоўваць і кантраляваць сацыяльныя праблемы жанчын.
Каардынатар жаночай суполкі БСДП у Наваполацку Тацяна Трафімава распавяла пра прычыны актыўнасьці жанчын:
- Ідэі гендэрнай роўнасьці і супрацоўніцтва палоў, іх згоды і ўзаемаразуменьня набывае сёньня плянэтарнае значэньне, становяцца умовай сусьветнага разьвіцьця. Таму БСДП спрыяе праяве жанчынамі палітычнай і сацыяльна-эканамічнай грамадзкай актыўнасьці ў рэгіёнах.
Аляксандар Марозаў