Субота, 11 Сакавік 2017

8 Сакавіка па-віцебску: скарга ў суд ад жанчыны супраць дэкрэту аб «дармаедах»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Вельмі сымбалічна, што ў час так любімага ўсімі жанчынамі сьвята 8 Сакавіка жыхарка Віцебску Натальля Трошчанка падала скаргу ў суд Кастрычніцкага раёну гораду Віцебску.

У скарзе гаворыцца пра парушэньне правоў і законных інтарэсаў Натальлі. Бо яна, як і многія, атрымала «ліст шчасьця» з патрабаваньнем аплаціць 360 рублёў збору на фінансаваньне дзяржаўных выдаткаў. У дакумэнце дзяўчына выказвае сваю нязгоду з уключэньнем яе ў базу дадзеных у якасьці асобы, якая ня ўдзельнічае ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў. А патрабаваньні, прад'яўленыя па выплаце збору, яна называе незаконнымі, неабгрунтаванымі і парушаючымі правы.

У сваёй скарзе Натальля адзначыла:

Незалежна ад таго, працую ці не, зьвяртаюся ў дзяржаўныя органы, натарыяльныя канторы, суды і да т.п. За паслугі гэтых устаноў аплачваю пошліну, зборы, іншыя плацяжы ў вызначаных заканадаўствам памерах.

Такім чынам, мой удзел у гэтых дамоўных і іншых стасунках у поўнай меры адпавядае патрабаваньням арт. 56 Канстытуцыі пра абавязак браць удзел у фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў «праз аплату дзяржаўных падаткаў, пошлін і іншых плацяжоў...

Ацэньваючы ўмяшаньне дзяржавы, у асобе ІМПЗ Рэспублікі Беларусь па Першамайскім раёне г. Віцебску, у маё права не падвяргацца прымусовай (абавязковай) працы... прыходжу да высновы, што ўжываньне патрабаваньняў па выплаце збору супярэчыць арт. 8 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох, арт. 2 Канвэнцыі МАП №29 аб прымусовай або абавязковай працы, артыкулах 23, 41, 56, 58 і 63 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Вольга Віцебская, vkurier.by