Пятніца, 14 Ліпень 2017

Віцебскі шукальнік праўды: Гэтак з мацюкамі мы і пахавалі дзядзьку…

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Вадзім Кузьмін Вадзім Кузьмін

Сэрвіс рытуальных паслугаў у параўнаньні з савецкім часам крочыў далёка наперад, але ня ўсё так файна ў гэтай сфэры, як можа падацца на першы погляд. А паслухаўшы аповед віцебчука Вадзіма Кузьміна, задаесься пытаньнем пра імавернасьць існаваньня рытуальнай мафіі, якая нажываецца на чужым горы.

Як правіла, нараджэньне дзіцяці – падзея чаканая і прадказальная. Са сьмерцю пэўнасьці куды менш, і яна часьцяком прыходзіць зьнячэўку. Сутыкнуўшыся са сьмерцю сваякоў, людзі нярэдка губляюцца, бо падрыхтавацца да адыходу блізкага чалавека ў іншы сьвет загадзя, бадай, немагчыма. Дый абазнанасьці, як трэба паводзіць сябе ў такіх выпадках, большасьці зазвычай бракуе. Гэтым часам і карыстаюцца нячыстыя на рукі дзялкі.

Як распавёў спадар Вадзім, яго дзядзька Георгі памёр пасьля сямнаццаці дзён знаходжаньня ў Кастрычніцкім хосьпісе. У суботу. Стаўленьне мэдычнага пэрсаналу і лекараў да хворага ён ацэньвае як цудоўнае. Усё, што залежала ад іх, – яны зрабілі. І калі па сьмерці дзядзькі ён прыехаў у хосьпіс, яму сказалі: «Займайцеся пахаваньнем, а мы тым часам выпішам усе неабходныя даведкі». Найперш супрацоўнікі хосьпісу скіравалі яго ў краму «Рытуал», што належыць даччынаму камунальна-ўнітарнаму прадпрыемству вытворча-рытуальных паслугаў «Віцебскі спэцыялізаваны камбінат грамадзянскага абслугоўваньня».

Пра далейшае распавядае Вадзім Кузмін:

– А палове на першую я са швагеркай прыехаў у краму. Ад прадавачкі даведаліся, што пахаваньне агулам мусіць абысьціся недзе ў межах шасьцісот рублёў. Праўда, з-за таго, што была субота, атрымаць грошы, якія выдзяляе дзяржава на пахаваньне, не атрымалася. Заставалася разлічваць на свае.

Некалькі з нашых сваякоў пахаваныя на ўжо закрытых Грышана-Залатагорскіх могілках Віцебску, але вольнае месца там яшчэ заставалася, таму ў краме нам параілі ехаць на клады, каб паказаць наглядчыку месца, дзе будзе выкапаная магіла. Падказалі таксама, дзе ў гэты час яго можна будзе знайсьці. Знайсьці – мы яго знайшлі, але акурат перад тым, як наглядчык зьбіраўся ўжо ісьці дадому. У суботу ягоны працоўны дзень – да чацьвёртай гадзіны.

Як мне падалося, усімі сваімі паводзінамі ён пачаў нас разводзіць на грошы. Адразу паставіў умову, што без даведкі аб сьмерці ніякай гутаркі пра рыцьцё быць ня можа. Але ж у нас надзвычайнае становішча: праз адсутнасьць у моргу хосьпісу лядоўні нябожчык, які хварэў на рак, вымагае тэрміновага пахаваньня. Калі не пахаваем у нядзелю, яго давядзецца перавозіць у іншае месца, і тады пахаваньне расьцягнецца на няпэўны тэрмін.

І хаця ад наглядчыка патрабавалася ўсяго толькі вызначыць месца пад будучую магілу і зрабіць наконт гэтага запіс ў адпаведнай кнізе для далакопаў, ён настойваў на сваім:

«У вас мусіць быць даведка аб сьмерці, каб можна было аформіць заяву».

Пасьля гэтых словаў наглядчык зачыніў замок і пакінуў нас сам-насам. У разгубленасьці я выклікаў міліцыю. Калі прыехалі міліцыянты, папрасіў іх засьведчыць факт вымаганьня грошай.

Неўзабаве пасьля зьяўленьня праваахоўнікаў на мой тэлефон ідзе тэлефанаваньне невядомай мне супрацоўніцы гэтай канторы. Справа ў тым, што пры ад'ездзе з крамы я пакінуў там нумар свайго тэлефону, а наглядчык, у сваю чаргу, патэлефанаваў каму трэба. Жанчына, якая тэлефануе на мой мабільнік, кажа: «Праз 20 хвілінаў я буду ў вас, і будзем разам вырашаць гэты канфлікт».

Толькі мы пачынаем пісаць пратакол, як з хмызьняку зьяўляецца наглядчык. На пытаньне супрацоўніка міліцыі, хто ён такі і што ён тут робіць, гучыць адказ: «Я – ніхто. Я тут сьмецьце прыбіраю. Мяне часова запрасілі».

Склаўшы пратакол, міліцыянты зьяжджаюць, заявіўшы, што яны сваю справу зрабілі.

Пасьля гэтага ніякія кіраўнікі ўжо не тэлефануюць, і ніхто прыяжджаць дзеля вырашэньня канфлікту не зьбіраецца. Я нічога не дамогся, а псэўданаглядчык з выглядам пераможцы заяўляе: «Ну, што, б..., я патрапіў?» Я тэлефаную на мабільнік нібыта кіраўнічкі, якая зьбіралася прыехаць дзеля ўрэгуляваньня канфлікту, але ніхто не адказвае.

Еду ў хосьпіс, забіраю даведку аб сьмерці і ўладжваю справы, якія робяцца ў такіх выпадках з памерлым. У краме набываем труну, аплачваем рыцьцё магілы, пранос труны з улікам вагі цела на пэўную адлегласьць, катафалк і само пахаваньне. Запытваюся ў прадавачкі, якія спадарожныя рэчы яшчэ трэба набываць у такіх выпадках. Акрамя насоўкі тая нічога ня раіць. Пра тое, што нам трэба было набыць нейкія ручнікі, якія потым на могілках у нас запатрабуюць, яна нічога ня кажа.

Што цікава, у параўнаньні з прыватнымі пахавальнымі паслугамі і рытуальнымі рэчамі ў гэтай краме даводзіцца пераплачваць. Але ў такіх варунках глузд неяк адключаецца. У прыватніка заўважна таньней.

Пахаваньне плянуем на 12:30 у нядзелю. Прадавачка запэўнівае, што да гэтага часу магіла будзе выкапаная...

Нядзельны дзень пачынаецца з таго, што пасьля размовы з кіроўцам катафалку я даведваюся, што для пераносу труны патрэбныя будуць грузчыкі. Але ж пра гэтую акалічнасьць загадзя ніхто не папярэдзіў. Дзякуй Богу, пагрузіць труну зь целам дапамагаюць супрацоўніцы хосьпісу.

Потым тэлефануем у царкву і запытваемся пра тое, колькі будзе каштаваць адпяваньне нябожчыка. Кажуць: «Сорак рублёў». Але высьветлілася, што за той час, пакуль поп ехаў да памерлага, кошт адпяваньня падрос да сямідзесяці. Пасьля адпяваньня жонка аддае неабходныя грошы. Ужо на могілках, пасьля чарговага рытуалу, ён падыдзе да яе і скажа: «У вас гора, я разумею. Вы забылі мне аддаць усе грошы, вы памыліліся». І ён яшчэ возьме дадатковую рэшту. Паўстае пытаньне: «Калі мы і памыліліся, чаму ён не згадаў пра гэта адразу?» Акрамя таго, ён увесь час казаў пра тое, што яму трэба тэрмінова зьяжджаць.

Далей яшчэ адна недарэчнасьць. Толькі мы выяжджаем – з дому мне званок на мабільны: «Камандзір, ламы гнуцца, рыдлёўкі трушчацца, твае дзеяньні?» – «А мы ўжо зараз выяжджаем, няўжо магіла яшчэ не гатовая?» – Не, зямля цяжкая. Не капаецца. Трэба прыехаць – паскорыць».

Я тэлефаную ў краму, тлумачу. Прадавачка кажа, што нічога ня ведае. Я пасылаю свайго сябра на могілкі. Той едзе і тэлефануе: «Магіла гатовая цябе разводзяць на грошы». У мяне пачынаецца трымценьне.

Пасьля наступнае тэлефанаваньне: «Камандзір, а ты ручнік купіў, каб труну апускаць?» – «Я ж аплаціў пахаваньне!» – «Нічога ня ведаем, шукай ручнік».

Пачынаем шукаць вяроўкі. Каб апусьціць труну. Час ідзе. Ад'езд катафалка затрымліваецца, набываюць моц штрафныя санкцыі.

Прыяжджаем на могілкі. Далакопы кажуць: «Гэтымі вяроўкамі апускай сам». – «Але ж у мяне аплачанае пахаваньне». – «Мы зараз можам і бацінак пахаваць. Дзе ручнік? Дзе апусканьне труны? Шукай грошы!»

Меркаваньні сваякоў падзяляюцца: адны кажуць, што мафію не пераможаш. Другія, наадварот, пераконваюць, што няма за што ім плаціць.

Далакопы настойваюць на сваім: «Мы нікуды не сьпяшаемся».

Час ідзе. Сваякі папікаюць мяне ў тым, што я ўчыніў шоў. Аплачвай, – маўляў, нябожчык у труне ад такога пахаваньня перагорнецца.

Далакопы, адчуваючы напружанасьць сытуацыі, ужо не саромеюцца і адкрытым тэкстам кажуць: «Шукайце грошы. Ты ж на нас міліцыю выклікаў».

Прыгадваю, поп якраз у гэты самы момант і скарыстаўся з сытуацыі. Пачынаю зьбіраць грошы. Сваякі тым часам перасварыліся. А 14:00 я не вытрымліваю і чарговым разам выклікаю міліцыянтаў. Далакопы адыходзяць. Міліцыянты, якія прыехалі, з машыны не выходзяць. Сваякі ж пішуць адказ, што выклік фальшывы.

Вось жа, сабралі сямсот рублёў. Аддалі кожнаму далакопу па сто. Але ж перад гэтым былі пагрозы: «Мы цябе знойдзем, мы цябе тут разам зь ім пахаваем...»

Гэтак з мацюкамі мы і пахавалі дзядзьку.

І яшчэ такі нюанс: Яны наўмысна выкапалі магілу ня гэтак, як ляжаць усе нашыя нябожчыкі, а ўпоперак, зрабіўшы, што побач ужо нікога не пахаваеш. Гэткая вось помста.

Пасьля гэткага пахаваньня частка сваякоў не пайшла на жалобны стол».

Наступнага дня Вадзім Кузьмін пайшоў у аддзел па барацьбе з карупцыяй, але там кажуць, што гэтая справа для іх надта дробная, і паслалі ў пракуратуру. Напісаная ў пракуратуры заява пра вымаганьне грошай ніякага працягу, аднак, ня мела. Як, дарэчы, і заява ў міліцыю ды сьледчы камітэт. У пракуратуры скаржніку заявілі, што вынік ягонай скаргі будзе нулявым. Маўляў, едзь на Панкова («Віцебскі спэцыялізаваны камбінат грамадзянскага абслугоўваньня») і там разбірайся. Бо ж далакопы скажуць, нібыта ты сам ім грошы ў кішэню запхнуў. Маўляў, нічога не дакажаш, грошы не былі памечаныя. А тыя скажуць, што аддалі іх бабулі ў бэзавай сукенцы.

Між тым у пракуратуры ён сустракаецца зь дзвюма дзяўчатамі, якія распавялі гісторыю, як у мінулым годзе за перапахаваньне маці зь нізіны, дзе магіла затаплялася, на ўзвышша ім давялося заплаціць ажно чатыры тысячы даляраў, хаця першапачаткова прасілі яшчэ больш.

Урэшце ўсе напісаныя скаргі былі перадасланыя ў «Віцебскі спэцыялізаваны камбінат грамадзянскага абслугоўваньня», то бок у тую арганізацыю, на дзейнасьць супрацоўнікаў якой Вадзім Кузьмін скардзіўся. 14 чэрвеня прыйшоў адказ за подпісам дырэктара Л. Спірыдонава, згодна зь якім дзеяньні ягоных падначаленых цалкам адпавядаюць заканадаўству. У прыватнасьці, там напісана:

– Факт вымагальніцтва грошай органамі ўнутраных справаў не пацьвердзіўся. ...Аднаразовыя ручнікі для апусканьня труны ў магілу набываюцца самастойна ў любой краме... Пра гэта вам нагадвалася... У мэтах залагоджваньня канфліктнай сытуацыі работнікі могілак зьдзейсьнілі пахаваньне з выкарыстаньнем ляйчыны шматразовага выкарыстаньня.

– Вось так: ня больш і ня менш. Узялі за ляйчыну 700 рублёў. Пры поўнай падтрымцы кіраўніцтва арганізацыі. Дарэчы, у адказе дырэктар ніводнага слова не згадаў пра маю просьбу назваць увесь пералік паслугаў, якія ўваходзяць у паняцьце «пахаваньне ў магілу», якую я аплаціў, – абураецца Вадзім Кузьмін.

Вось жа, узьняўшы тэму пра стан рытуальных паслугаў у Віцебску, нам было б цікава пачуць меркаваньні нашых чытачоў. Хочам высьветліць, наколькі здарэньне, агучанае Вадзімам Кузьміным, ёсьць выключна прыватным, альбо ёсьць іншыя падобныя выпадкі ў нашым горадзе.

С. Горкі