Пачакальня на беразе
Паром, як сьведчыць надпіс на “загончыку” для пасажыраў, можа перавезьці за адзін раз 19 чалавек. Увогуле ж ён вытрымлівае 60 тон грузу – а перавозіць цераз рэчку даводзіцца нават нагружаныя драўнінай “лесавозы”, не кажучы ўжо пра легкавікі. Хуткую дапамогу або машыны МНС загадана перавозіць зь берагу на бераг без чаргі. А пасажыраў – паводле раскладу: праз кожныя паўгадзіны.
Выратавальны сродак для «Тытаніка»
Але гэта толькі на паперы. Праца “Тытаніка” – так называюць паром местачкоўцы – цяпер залежыць ад таго, ці ёсьць паліва для рухавіка. У гэтай якасьці выкарыстоўваюць трактар “Беларус”, і апошнімі днямі ён часьцей “стаіць на прыколе”, чымся перавозіць пасажыраў.
Уладкаваньне парому
“Няма паліва” – адзінае тлумачэньне, якое чуюць людзі. Яны сталі закладнікамі гэтай сытуацыі, бо на левым беразе знаходзіцца ўся інфраструктура мястэчка: лясгас, крамы, пошта, аптэка, царква. А на правым – прыватны сэктар, дзе жывуць людзі.
Трактар-рухавік
Мясцовая жыхарка Ала Іванаўна раніцай пераехала паромам на “чужы” бераг, а калі вернецца на “свой” – ня ведае:
Пасажырка парому Ала Іванаўна
“Колькі памятаю сябе, столькі тут праблемы. Нейкі каменны век! Крама – тут, пошта – тут, лекары – тут, а нам, хто на левым беразе жыве, што рабіць? Як дабрацца? Вось у нядзелю абвясьцілі, што ў цэнтры будзе кірмаш. Мы прыйшлі на паром, а трактарыст кажа: “Нават не сядзіце тут. Рэйс будзе толькі а 12-й і а 15-й, бо ў нас няма паліва. У раёне няма грошай, можаце зьвяртацца куды хочаце, хоць да губэрнатара”.
Найбуйнейшая крама на левым беразе
Паром знаходзіцца на балянсе ў раённай камунальнай службы. Таму “трактарыст”, а па сумяшчальніцтве “паромшчык”, адмаўляецца камэнтаваць сытуацыю. Маўляў, зьвяртайцеся да начальства.
Найбліжэйшае начальства, старшыня Сураскага сельскага выканкаму Аляксандар Вялітчанка, тлумачыць, што перабоі з палівам – гэта сытуацыя надзвычайная. І што “ўжо працуе камісія”, каб разабрацца, хто вінаваты.
Месцы для пасажыраў
Пакуль ідуць разьбіральніцтвы, мясцовыя насельнікі вырашаюць праблему саматугам. Ужо былі выпадкі, што пасажыры самі прыносілі паліва для рухавіка – калі была пільная неабходнасьць перабрацца на другі бераг. Паліва, дарэчы, патрэбна няшмат: на дзень хапае 20-25 літраў “саляркі”. “А на адзін пераезд – паўшклянкі”, – жартуе паромшчык.
Дасьціпны паромшчык-трактарыст
Рэйс з аднаго берага на другі займае ня больш за 5 хвілін. Альтэрнатыва – ехаць у аб’езд па шашы 80 кілямэтраў. Але ня ў кожнага суражаніна ёсьць уласнае аўто і лішнія грошы на паліва ў далёкую дарогу. Таму мясцовыя жыхары ўжо езьдзяць на пароме “ў складчыну” і гатовыя прапанаваць такі варыянт райвыканкаму.
Альтэрнатыўны, летні від транспарту – катэр
Старэйшае пакаленьне прыгадвае, што апошні мост цераз рэчку ўзарвалі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Суражане сярэдняга веку гавораць, што за часамі перабудовы надзея на мост падавалася рэальнасьцю, і нібыта ўжо існаваў зацьверджаны праект. Але тут разваліўся СССР разам з цэнтралізаванай эканомікай.
Цяпер усе надзеі мясцовых жыхароў – толькі на паром, і на тое, каб гэты мясцовы від транспарту быў рэгулярным. Вядома, наколькі дазваляюць прыродныя ўмовы, бо паром выкарыстоўваюць толькі ўвесну, улетку і ўвосень. Зімой суражане пераходзяць Дзьвіну па лёдзе. Бо іншага выйсьця няма – пабудаваць мост ім нават ужо не абяцаюць.
Генрых Сухадольскі