Дэкрэт аб дармаедзтве прынялі, а даць азначэньне ня здолелі
На пачатку свайго выступу Леў Марголін заявіў, што прапанаваная альтэрнатыва дэкрэту №3 не зьяўляецца яго заменай, бо дэкрэт адназначна трэба адмяняць.
Мэта дэкрэту, як тлумачылі ўлады, палягае ў папярэджаньні сацыяльнага дармаедзтва. Але пры гэтым у ніводным беларускім заканадаўчым акце няма азначэньня гэтай зьявы. Таму на месцах кожны трактаваў яго па-свойму. Такое стаўленьне прывяло да скажэньня сутнасьці і стала каталізатарам масавых вясновых пратэстаў. Калі ж вызначаць гэтае паняцьце, то сацыяльнымі дармаедамі ў нейкай ступені можна лічыць тых, хто атрымлівае зь бюджэту больш, чым у яго ўносіць. Але ж і ў такім разе трэба браць пад увагу прычыны, якія прывялі да гэтага. Групавы ўлік тут не пасуе.
Сацыяльныя льготы – канкрэтным людзям
Як лічаць кіраўнікі правай кааліцыі, сацыяльныя льготы абавязкова мусяць набыць адрасны характар. Чыноўнікі розных рангаў увесь час кажуць, што насельніцтва не даплачвае, а дзяржава датуе значную частку выдаткаў на камунальныя паслугі. Але пры гэтым існуе адна заканамернасьць: чым большыя ў чалавека дом ці кватэра, тым большую датацыю зь бюджэту ён мае. Выходзіць, што дзяржаўны датацыйны мільярд разьмяркоўваецца паміж усім насельніцтвам, замест таго каб дапамагаць тым, хто мае патрэбу – канкрэтным сем'ям, канкрэтным людзям. Так, у нас існуюць субсыдыі на камунальныя паслугі, але ўмовы іх атрыманьня вельмі дзіўныя. Напрыклад, калі ў некага кватэра зь лішкам квадратных мэтраў на аднаго чалавека, то ён ужо ня мае права на субсыдыю. Нават калі ягоны заробак ці пэнсія ніжэйшыя за пэўны вызначаны ўзровень.
Дэкрэт №3 – скажэньне Канстытуцыі
56-ы артыкул Канстытуцыі, на якую ўвесь час спасылаецца ўлада, абвяшчае, што грамадзяне Беларусі маюць абавязак браць удзел у фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў праз выплату дзяржаўных падаткаў... Але ж нідзе не сказана, што гэта мусіць быць падаходны падатак.
Насамрэч кожны грамадзянін, які хаця б раз на месяц ходзіць у краму, ужо бярэ удзел у дзяржаўным фінансаваньні. А тыя, хто спажываюць алькаголь ці паляць, плацяць яшчэ і дадатковы падатак.
Яшчэ адзін нюанс: калі нам кажуць, што мы мусім браць удзел у фінансаваньні дзяржавы, то паўстае пытаньне: «А ці ўдзельнічаем мы у вызначэньні, куды ідуць дзяржаўныя выдаткі?»
Так, ёсьць дзяржавы, дзе доля дзяржаўных падаткаў сягае 60-70 адсоткаў, але там грамадзяне канкрэтна ведаюць, куды гэтыя грошы пойдуць. Калі ж чалавек не адчувае датычнасьці да вызначэньня бюджэту, то і аплачваць падаткі ня хочацца.
Замест адмены бясплатнай мэдыцыны для дармаедаў – страхавая мэдыцына для ўсіх
Калі ў чалавека будзе адкрыты страхавы мэдычны рахунак, ён будзе зацікаўлены сачыць за сваім здароўем. Пры гэтым рахунак будзе фармавацца за кошт працадаўцы, які вымушаны будзе ствараць прымальныя ўмовы працы. Бо чым горшымі будуць умовы працы, тым большымі будуць ягоныя выплаты па страхавым полісе. Апроч таго, пры страхавой мэдыцыне прызначанае доктарам лекаваньне будзе дакладна адпавядаць неабходнаму ўзроўню мэдычнага ўзьдзеяньня дзеля пераадоленьня хваробы.
Экстэнсіўнаму характару эканомікі – эканамічныя інавацыі
Большасьць мясцовых прадпрыемстваў мае састарэлае абсталяваньне. Яны не выпускаюць сучасную навукаёмістую прадукцыю і ня маюць эканамічнай зацікаўленасьці, бо кіраўніцтва распараджаецца не сваімі грашыма, а дзяржаўнымі. Да таго ж прыцягненьне інвэстараў па-ранейшаму застаецца праблематычным, бо празь дзяржаўнае ўмяшаньне ў справы бізнэсу ў краіне застаецца нізкі ўзровень эканамічнай бясьпекі.
Кааліцыйнае яднаньне ўжо дае свой плён
Вольга Кавалькова працягнула абмеркаваньне пытаньняў, узьнятых Львом Марголіным. Актывістка БХД расказала, што пасьля стварэньня правай кааліцыі яна заўважыла, як палепшылася камунікацыя паміж партыйнымі актывістамі ня толькі ў Менску, але і ў рэгіёнах. Больш працы пачалі рабіць разам для людзей. Яна заявіла, што альтэрнатывай дэкрэту №3 зьяўляюцца рэформы, якія трэба праводзіць у краіне. Гэта і эканамічная рэформа, і пэнсійная рэформа, і рэформа аховы здароўя...
Лідэры правай кааліцыі лічаць, што ўсе гэтыя пытаньні трэба абмяркоўваць ня толькі на ўзроўні спэцыялістаў, але і на ўзроўні мясцовай улады. Таму партыйным актывістам на месцах трэба спрабаваць наладзіць зносіны з прадстаўнікамі мясцовай улады.
https://vitebsk.dns.army/news/satsyyalnyya-pravy/item/2522-lidery-pravaj-kaalitsyi-sustrelisya-z-partyjnym-aktyvam-vitsebsku#sigProIda5975166bf
С. Горкі