“Адміністрацыя Першамайскага раёну паведамляе, што згодна з Пастановай Міністэрства ЖКГ Рэспублікі Беларусь ад 20.04.2005 №16 “Аб зацьвярджэньні пераліку работ па ўтрыманьні аб’ектаў добраўпарадкаваньня населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь, якія ажыцьцяўляюцца за кошт бюджэтных сродкаў” набыцьцё новага абсталяваньня дзіцячых гульнявых пляцовак за кошт бюджэтных сродкаў не прадугледжанае”, – паведамляецца ў адказе на калектыўны зварот.
Намесьніца кіраўніка адміністрацыі Марына Навіцкая тлумачыць таксама, што ў мікрараёне ўжо ёсьць стадыён, які знаходзіцца на тэрыторыі СШ №24. Спасылаючыся на дырэктара навучальнай установы, паведамляе, што на стадыёне маецца футбольнае поле і гімнастычны комплекс, а таксама ўсталяваныя трэнажорныя комплексы для практыкаваньняў на цягліцы грудзей і для ціску ў становішчы седзячы.
На гэтай пустцы тарнаўцы меркавалі пабудаваць спартовую пляцоўку
У адказе паведамляецца, што ў 2018 годзе на стадыёне мяркуюць усталяваць дадатковыя трэнажоры і заасфальтаваць бегавую дарожку.
“На стадыёне школы могуць гуляць і актыўна адпачываць як дзеці, гэтак і дарослыя”, – запэўнівае адміністрацыя.
Між тым, ініцыятар звароту віцебскі праграміст і інжынэр Артур Сядлуха, абгрунтоўваючы просьбу, казаў раней, што школьны стадыён знаходзіцца далекавата ад асноўнай часткі раёну і шмат каго з малых дзетак бацькі проста не пускаюць ісьці на стадыён самастойна. Малым даводзіцца шукаць іншых забаваў альбо гуляць зь мячом на праезнай частцы. Да таго ж доступ на тэрыторыю школы не заўсёды адкрыты, адзначаў аўтар пэтыцыі.
Жыхары Тарнага меркавалі, што зімой плянаваную спартовую пляцоўку можна будзе ператвараць у хакейную. Але з хакеем цяпер давядзецца пачакаць ці ўзяцца і пабудаваць яе за ўласныя сродкі, без дапамогі дзяржавы. Бо, як вынікае з адказу, спадзявацца на бюджэтнае фінансаваньне пакуль не выпадае.
Нагадаем, што раней Віцебскі гарвыканкам адмовіў жыхарам пасёлку Тарны ў аптымізацыі транспартнай схемы, хоць апошняя не вымагала вялікіх выдаткаў, але магла зрабіць жыцьцё аддаленага мікрараёну больш камфортным і зручным.
Зьміцер Міраш