Пятніца, 31 Жнівень 2018

Актывісты апазыцыі сустрэліся з прадстаўнікамі Віцебскага аблвыканкаму

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Ірына Захарава, Алена Шабуня, Ян Дзяржаўцаў Ірына Захарава, Алена Шабуня, Ян Дзяржаўцаў

Сябры аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Ірына Захарава, Алена Шабуня ды сябра КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў на прыёме ў намесьніка старшыні Віцебскага аблвыканкаму Ўладзімера Пеніна абмеркавалі вострыя пытаньні, якія хвалююць грамадзкасьць. На сустрэчы, што адбылася 23 жніўня, таксама прысутнічалі прадстаўнікі гарадзкіх службаў.

Практыка сустрэч са службоўцамі гарадзкога і абласнога ўзроўняў стала рэгулярнай для віцебскіх актывістаў. І хаця шмат якія пытаньні пасьля такіх сустрэч застаюцца ня вырашанымі, пэўная карысьць ад іх ёсьць. Выказваньне сваёй пазыцыі наконт набалелых пытаньнях нясе ў сабе канструктыўны патэнцыял.

Падчас чарговай сустрэчы першай агучыла праблемы Ірына Захарава. Найвастрэйшая зь іх, на думку актывісткі, паўстала ў выніку незаконнай пабудовы сабачай пляцоўкі ў мікрараёне «Поўдзень-1». Праблема не вырашаецца з 2015 году. Нягледзячы на абяцаньні гарадзкіх і абласных чыноўнікаў, жыхары прылеглых да пляцоўкі дамоў вымушаныя дасюль мірыцца з парушэньнем санітарных нормаў і начным брэхам сабакаў. Неверагодна, але пляцоўка знаходзіцца ў 5-ці мэтрах ад школьнай сталоўкі і ў 13-ці ад жылога шматпавярховіка.

Паўторна давялося ўзьняць і пытаньне капітальнага рамонту дому №7, корпус 2 па вуліцы Чкалава. Бо невядома зь якіх прычынаў адпаведныя службы пасьля звароту жыхароў замест агляду дому №7, корпус 2 агледзелі на прадмет рамонту дом №7, корпус 1.

Алена Шабуня распавяла прысутным на сустрэчы чыноўнікам пра рэальны стан з заробкамі ў вобласьці. У якасьці прыкладу яна прывяла выпадак з аплатай працы будаўнікоў у Сеньненскай ЖКГ, налічаны заробак якіх за адзін зь месяцаў склаў 67 рублёў. Цікава, але на пачатку расповеду Алену паспрабавала спыніць сакратарка. Маўляў, гэтая праблема не была загадзя ўлучаная ў пералік узгодненых для абмеркаваньня на сустрэчы.

Ян Дзяржаўцаў, які ёсьць ня толькі актывістам апазыцыйнай партыі, а і кіраўніком грамадзкай ініцыятывы «Хайсы», гаварыў пра неабходнасьць афіцыйнага прызнаньня пахаваньняў, знойдзеных у Віцебскім раёне, месцам масавых расстрэлаў часоў сталінізму. Ён падрабязна распавёў і пра сьведчаньні мясцовых жыхароў, і пра знойдзеныя ў пахаваньнях кулі, гільзы ды іншыя рэчы, якія даказваюць іх датычнасьць да сталінскага тэрору. Пазыцыю актывіста падтрымала і Алена Шабуня, якая нагадала, што археоляг акадэмічнага інстытуту гісторыі Алег Іоў у сваёй справаздачы пацьвердзіў, што пахаваньні ля Хайсоў цалкам падобныя да пахаваньняў у Курапатах.

Напрыканцы сустрэчы Ўладзімер Пенін запэўніў, што ў студзені 1919 году ўлады разгледзяць пытаньне пастаноўкі дому №7, корпус 2 на капітальны рамонт, а мо нават адрамантуюць і суседні дом №7, корпус 1. Што тычыцца сабачай пляцоўкі, то ў выпадку, калі выявяцца парушэньні, дапушчаныя пры яе пабудове, пляцоўку чыноўнік паабяцаў закрыць. Астатнія пытаньні патрабуюць больш глыбокага вывучэньня.

С. Горкі