Пятніца, 06 Жнівень 2021

Віцебскія ўлады ліквідуюць "УНОВІС-ФОРУМ"

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)

У цяперашні час мясцовыя ўлады прыступілі да ліквідацыі сацыяльна-асветніцкай ўстановы ў галіне гісторыка-культурнай спадчыны "УНОВІС-ФОРУМ", якая была зарэгістраваная рашэннем адміністрацыі Першамайскага раёну Віцебску ў сярэдзіне 2019 года. Прычынай ліквідацыі, на думку чыноўнікаў, стала "неажыццяўленне камерцыйнай арганізацыяй прадпрымальніцкай дзейнасці на працягу дваццаці чатырох месяцаў запар".

"УНОВІС-ФОРУМ" праіснаваў з рэгістрацыяй крыху больш за два гады. Тым не менш, гэтая арганізацыя пакінула яркі след у прасоўванні ў Віцебскім рэгіёне лепшых узораў культурна-гістарычнай спадчыны. Дастаткова нагадаць жыхарам Віцебска аб правядзенні ў кастрычніку 2020 года крэатона «Адукацыя і гісторыка-культурная спадчына для будучыні Віцебска», які сабраў творчых студэнтаў з ідэямі як палепшыць гарадскую прастору праз прызму спадчыны УНОВІС.

Важна сказаць пра тое, што мерапрыемства было арганізаванае пры падтрымцы Віцебскага гарвыканкаму і Міністэрства замежных спраў Каралеўства Нідэрландаў у межах міжнароднага праекта " праз мастацтва і беларуска-галандскае супрацоўніцтва да навучэнцаў гарадоў», прысвечанага 100-годдзю творчага аб'яднання УНОВІС.

У тым жа годзе ў Віцебску намаганнямі "УНОВІС-ФОРУМ" і Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэту быў праведзены міжнародны конкурс " Арт-эскіз. УНОВІС 100".

У гэтых мерапрыемствах бралі ўдзел больш за сотню студэнтаў мясцовых ВНУ, вопытныя мастакі і дызайнеры-пачаткоўцы.

Застаецца загадкай, чаму гэтая культурная ініцыятыва не прыйшлася да спадобы дзяржаве, але стане фактам тое, што з ліквідацыяй "УНОВІС-ФОРУМ" творчая грамадскасць страціць магчымасць прасоўваць лепшыя ўзоры беларускага мастацтва ў масы, а таксама развіваць мастацкі густ у мастакоў-пачаткоўцаў і дызайнераў.

Міхась Пісараў