«Мне даўно хацелася стала размаўляць на беларускай мове. Але быў нейкі страх. Мяне стрымлівала тое, як я буду з ёй жыць у рускамоўным грамадстве. Тым больш у Віцебску — тут літаральна 40 кіламетраў ад Расіі. Кожны дзень я павінна была быць гатовай да нейкай маленькай бітвы, бо не ведала, як мяне будуць успрымаць людзі. Тады падумала: навошта мне складанасці?» — расказвае яна.
Пастаянна размаўляць па-беларуску Таццяна пачала 19 мая мінулага года. Гэта стала своеасаблівым адказам на знішчэнне партала TUT.BY, на якім яна працавала.
«У мяне такім чынам спрацаваў стрэс, — кажа журналістка. — Гэта катастрофа і на сёння. Цяпер, канечне, боль прытупіўся, але нічога не забыта.
Ужо беспрацоўная я прачнулася на наступны дзень пасля разгрому, але ў гэты дзень у мяне была камандзіроўка, у якую я паехала. Было ўражанне, што ўсё працягваецца. Ехала туды, як курыца з адрэзанай галавой. Галавы няма, а цела па інерцыі рухаецца. Думала, што я канкрэтна магу зрабіць на сёння ў гэтай сітуацыі. Зразумела, што нічога, акрамя таго, што пачаць размаўляць па-беларуску. Гэта была мая мара, да якой я ішла шмат год. Нарэшце, гэты дзень прыйшоў.
У мяне забралі любімую працу і волю, засталася мова. Першая фраза, якую я сказала па-беларуску: «Дайце, калі ласка, чырвоную гарбату без цукру». Сама кажу і баюся, як адрэагуе прадавачка на вакзале. А яна, як ні дзіўна, абсалютна нармальна мяне абслужыла. І мне стала так прыемна. «Не ўсё страчана ў Віцебску, напэўна», — падумала».
Увогуле, Таццяна марыла перайсці на беларускую з маладосці. Тады яе ўразіла гісторыя замежнага спартоўца, які пераехаў у Беларусь і стаў вучыць нашу мову.
«А мы, беларусы, занядбалі родную мову, не ведаем яе, не карыстаемся, — апісвае свае думкі ў той момант Таццяна. — Вось пасля гэтага ў мяне быў першы крок да яе».
За цэлы год журналістка сутыкнулася толькі з адным чалавекам, які негатыўна паставіўся да беларускай мовы.
«У маршрутцы я папрасіла куроўцу спыніцца на наступным прыпынку. Нейкі пасажыр пракаментаваў, што яшчэ не ўсіх нас, беларускамоўных, пабілі, пасадзілі. Я даўно чытала людзей, якія пішуць па-беларуску, і яны ўсе раяць з такімі не ўступаць у дыскусіі. Ігнараваць і не адказваць.
Канечне, мяне такая «заўвага» моцна пакрыўдзіла. Але гэта быў толькі адзін выпадак. Астатнія людзі маглі напружвацца, не разумець мяне. Але я тады ў позу не станавілася, а адразу перакладала. Былі і наадварот прыязныя сітуацыі. Асабліва часта чула добрыя словы ў Віцебску ад таксістаў і гандляроў на рынку. Некаторыя нават робяць сімвалічную зніжку», — кажа яна.
З мовай Таццяне бывае цяжка і па гэты дзень. Год прайшоў, але «бітва» з самой сабой працягваецца.
«Напрыклад, у гэтай краме ўжо ведаюць, што ты беларускамоўны, а ў іншай — не. І ўсё па-новаму. Трошкі бывае няёмка і страшна.
Найперш ты змагаешся сам з сабой, не з гэтымі людзьмі. Бо я ж кажу, што з соцень, якія мне сустракаліся, быў толькі адзін чалавек з такім адмоўным стаўленнем. Той, хто хоча пачаць размаўляць па-беларуску, павінен усвядоміць, што раз ён зрабіў гэты крок, то значыць цяпер у яго такі стыль жыцця. Мова становіцца часткай цябе. Трэба ўсё ж помніць, што шмат хто захоча браць прыклад з беларускамоўнага».
Вучыць Таццяна не столькі вусную беларускую мову, колькі правапіс. Абкладваецца слоўнікамі і глядзіць выпускі «МоваНанова».
«Я стараюся шмат пісаць у сацсетках па-беларуску. І спрабую гэта рабіць без памылак, — кажа журналістка. — Мяне чытаюць такія людзі, як Ганна Севярынец, напрыклад. І як я напішу з памылкамі? Дарэчы, Ганна Севярынец — гэта чалавек-прыклад для мяне. Чытаю яе пасты, вельмі часта яны натхняюць. Яна, бывае, разважае над пытаннямі, як сябе павінен паводзіць беларускамоўны чалавек.
Увогуле, у нас ва ўсіх ёсць нейкая школьная база. Яна нармальная. Чалавеку проста трэба не саромецца, не баяцца.
Будуць розныя рэакцыі. Нават могуць смяяцца, што сказаў дзесьці слова па-руску. Трэба гнуць сваю лінію. Як умееце, так і размаўляйце. Тлумачце, што вы яшчэ вучыцеся.
Варта чытаць па-беларуску, глядзець фільмы, слухаць музыку. І чалавек сам не заўважыць, як яго мова стане больш багатай. Першыя некалькі месяцаў я глядзела ютуб-каналы, але не шмат, бо там усё ж зусім пачатковая лексіка. З таго, што рэкамендую, — Live Belarusian, «Слухай сюды», Gavarun.by, групы ў Фэйсбуку — «Толькі пра мову», «Беларуская мова на спажывецкім рынку».
З любімых пісьменнікаў — Уладзімір Караткевіч. Бывае чытаеш — і мурашкі па скуры, эстэтычнае захапленне. У нас тут ёсць яму помнік, я да яго падыходжу, калі на душы цяжка, і проста як з жывым размаўляю. Мабыць, збоку выглядае смешна, але ўражанне, што Караткевіч мне неяк дапамагае.
У Фэйсбуку раю чытаць Ганну Севярынец, Аляксандра Ждановіча. Ён нядаўна напісаў: «Беларусы, размаўляйце па-беларуску». Коратка, ясна і з вялікім сэнсам».
На крытыку з боку людзей, якія ўказваюць на памылкі, Таццяна рэагуе спакойна.
«Я ведаю, што мая мова недасканалая. Усё ж скончыла не філалагічны факультэт. Калі бачу, што сапраўды зрабіла памылку, то кажу «дзякуй» і выпраўляю».
Важна рабіць медыя па-беларуску, разважае Таццяна.
«Думаю, што не адна «Наша Ніва» павінна гэтую нішу займаць. У нас мала такіх выданняў, трэба, каб былі яшчэ. Калі хтосьці адважыцца і зробіць гэта свядома па-беларуску, то я адназначна буду чытачом.
Чамусьці лічаць, што калі па-беларуску, то будзе менш праглядаў. Мне здаецца, што калі там сапраўды цікавы артыкул і напісана прафесійна, а не цяжкай цэглай, якую кідаюць чытачу на галаву, прачытаюць у любым выпадку. Не думаю, што мова ўвогуле можа быць перашкодай. Пэўныя тэмы па-руску глядзяцца недарэчна. Аднойчы бачыла інтэрв’ю з Паўлам Севярынцам на рускай мове, перакладзенае з беларускай. Яно падалося скажоным».
У кожнага свой шлях да мовы, кажа журналістка. Яна лічыць, што наязджаць на лідараў думак і знакамітых людзей за тое, што яны карыстаюцца рускай мовай, не варта.
«У кожнага чалавека ў душы ўсё па-свойму развіваецца. Калі наканавана прыйсці да беларускай мовы, то гэта адбудзецца. Галоўнае, каб чалавек сёння адкрыта не выступаў супраць яе, не ставіўся з нянавісцю».