Пятніца, 06 Кастрычнік 2017

Сьмяротнае пакараньне: за ці супраць? Апытаньне

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У межах тыдня супраць сьмяротнага пакараньня, які ладзіцца ў Беларусі з ініцыятывы праваабарончага цэнтру “Вясна” з 5 па 10 кастрычніка, мы правялі невялікую апытанку сярод віцебчукоў. “Асабіста вы – за альбо супраць сьмяротнага пакараньня”? На гэтае пытаньне адказалі выпадковыя мінакі на праспэкце Перамогі ў Віцебску.

“Трэба даваць людзям шанец …”

– Я, безумоўна, супраць сьмяротнага пакараньня, - кажа студэнтка мэдунівэрсытэту Кацярына Бурмістрава, - бо лічу, што такога ня мусіць быць. Забойцам, гвалтаўніком, маньякам – ім трэба даваць доўгія тэрміны зьняволеньня. Гэта дастаткова моцнае пакараньне, і ім будзе нашмат горай, чым проста зьнікнуць з жыцьця. Хай выпраўляюцца праз пакуты, хай ачышчаюцца. Ёсьць жа станоўчыя прыклады. Трэба даваць шанец людзям, бо жыцьцё ў нас адно…

“За сьмерць – толькі сьмерць”

– Я катэгарычна “за”! – выказваецца 71-гадовы інжынэр Мікалай Аляксеевіч (яшчэ працуе). – Вось калі б Пуцін у Расеі хаця б намёкам сказаў, што, будзе прасіць думу, каб адмянілі мараторый на сьмяротнае пакараньне, там бы адразу ўсталяваўся парадак. Вунь у Сынгапуры прэзыдэнт як пакараў сем чалавек, дык там цяпер шампунем асфальт мыюць. А ўзяць напрыклад Амэрыку – дык абсалютная дэмакратыя і поўны выбар: хочаш – у газавую камэру, хочаш – на шыбеніцу, хочаш – пад расстрэл. Пажыцьцёвы тэрмін? За конт падаткаплатнікаў каб ён там, б…дзь, жыў? За сьмерць – толькі сьмерць!..

“Дзяржава мусіць караць, але ж ня сьмерцю, выбачайце”

– Не, я супраць! Канечне, дзяржава мусіць караць злачынцаў, але ня сьмерцю, выбачайце, - мяркуе 57-гадовая віцяблянка Тацяна, эканаміст па адукацыі. – Чаму? Таму што такое жыцьцё… Тых тэрарыстаў зь Віцебску, што мэтро ўзарвалі, штосьці вельмі хутка знайшлі. Ці гэта сапраўды яны зьдзейсьнілі? А потым вельмі хутка расстралялі, быццам куды сьпяшаліся. У мяне засталіся нейкія сумненьні, але гэта маё ўласнае меркаваньне…

“Бывае крыўдна, калі караюць занадта мякка”

– Цяжкае пытаньне, але я, пэўна, за сьмяротнае пакараньне ўсё ж такі, - дзеліцца думкамі прыгожая жанчына Алена (“працую з інфармацыяй”). – Чаму? Шмат прычын. Бывае так, што пакараньне вельмі мяккае, і тады крыўдна і невядома, як потым жыць тым, каго гэта закранае. Пажыцьцёвае зьняволеньне? Магчыма, і так, калі разглядаць з другога боку, але… Выбачайце, я падумаю…   

“Мы ж у XXI стагодзьдзі жывем, ці я памыляюся?..”

– Дзяржава ня мае права вырашаць, каму жыць, а каму паміраць. Гэта не яе справа, - кажа 24-гадовы Андрэй. – Мы ж у XXI стагодзьдзі жывем, ці я памыляюся?.. Гэта ўсё.

“Ёсьць вырадкі, якіх трэба – да сьценкі!”

– Ведаеце, мне неяк не да гэтага зараз. Не да сьмяротнага пакараньня. Самому б выжыць ды сям’ю пракарміць, - дзеліцца Раман (43 гады, у пошуках працы). – Няма часу чытаць крымінальныя хронікі. Але ведаю, што ёсьць у нашым жыцьці вырадкі, якіх трэба ставіць да сьценкі.

“Забіваць ня трэба”

– Нават ня ведаю, як сказаць, але ўпэўненая, што сьмяротнае пакараньне можна замяніць якой-небудзь іншай формай. Напрыклад, працай, – выказвае меркаваньне настаўніца ангельскай мовы Алена Ўладзіміраўна. – Няхай будуюць дамы для шматдзетных і бяздомных. Забіваць ня трэба! Хай жывуць і адпрацоўваюць віну, такое маё асабістае меркаваньне.

“Сьмерць за сьмерць – гэта дзікунства”

– Я б выказаўся супраць сьмяротнага пакараньня, бо ў сьвеце і так столькі сьмерцяў, што робіцца жудасна. Навошта множыць сьмерць? – задае рытарычнае пытаньне студэнт II курсу ВДМУ Вітась. – Да таго ж сьмерць за сьмерць – гэта   неяк ня вельмі добра, гэта папросту нейкае дзікунства. Несучасна і не па-чалавечы.

Дзе прагаласаваць супраць сьмяротнага пакараньня? 

Аддаць свой голас супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі можна на адмысловай інтэрнэт-старонцы пэтыцыі “Скажы “Не” сьмяротнаму пакараньню”. Пад ёй падпісаліся ўжо больш за 16,5 тыс. чалавек. Праваабаронцы нагадваюць, што Беларусь засталася апошняй краінай на мапе Эўропы і постсавецкай прасторы, дзе дагэтуль выкарыстоўваецца сьмяротнае пакараньне.

“Мы лічым, што жыцьцё зьяўляецца найвышэйшай каштоўнасьцю, натуральным і неад’емным правам чалавека. Сьмяротнае пакараньне мы расцэньваем як парушэньне права на жыцьцё, гарантаванае Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і міжнароднымі дамовамі ў галіне правоў чалавека. Мы цьвёрда перакананыя: нішто ня можа апраўдаць наўмыснае і бязьлітаснае пазбаўленьне чалавека жыцьця ад імя дзяржавы”, - сьцьвярджаюць праваабаронцы.       

Зьміцер Міраш