Аўторак, 10 Кастрычнік 2017

Каталіцкі сьвятар: Сьмяротнае пакараньне ня ставіць кропку на шляху зла…

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Ксёндз Вячаслаў Барок. Фота: Facebook.com Ксёндз Вячаслаў Барок. Фота: Facebook.com

У Сусьветны дзень супраць сьмяротнага пакараньня, што адзначаецца 10 кастрычніка, паразмаўлялі з пробашчам касьцёла сьвятога Антонія ў Віцебску Вячаславам Барком. На думку сьвятара, сёньня няма аніякіх аб’ектыўных прычын, якія б заміналі Беларусі адмовіцца ад пакараньня сьмерцю.

– Айцец Вячаслаў, як наогул ставіцца каталіцкі Касьцёл да праблемы выкарыстаньня сьмяротнага пакараньня?

– Тут трэба адразу падкрэсьліць, што гэтае стаўленьне цягам дваццаці стагодзьдзяў зьмянялася і разьвівалася. Было такое, што Касьцёл каталіцкі талерантна ставіўся да гэтай зьявы, але гэта былі зусім іншыя часы. Сёньня ж у сваім навучаньні Касьцёл сьцьвярджае: сьвет стаўся настолькі гуманным, што мог бы цалкам адмовіцца ад выкарыстаньня сьмяротнага пакараньня. Пра гэта яшчэ ў 1995 годзе казаў у энцыкліцы Evangelium Vitae Ян Павал ІІ. Ён заўважыў, што сучаснае грамадзтва ўсё мацней патрабуе, каб сьвет адмовіўся ад пакараньня сьмерцю. І Касьцёл чуе гэты голас і заахвочвае ўсе кампэтэнтныя інстытуцыі адмовіцца ад такой надзвычайнай формы пакараньня.

Катэхізіс дапускае сьмяротнае пакараньне, калі гэта “адзіны магчымы шлях”

– А што кажа на гэты конт Катэхізіс?

– Адзначу, што Катэхізіс як бы дапускае ўжываньне такога пакараньня. Цытую параграф 2267: “Пры той умове, што асоба і адказнасьць вінаватага цалкам даказаныя, традыцыйнае навучаньне Касьцёлу не выключае застасаваньне сьмяротнага пакараньня. Аднак толькі пры той умове, што гэта адзіны магчымы шлях дзеля таго, каб сапраўды абараніць жыцьцё людзей ад несправядлівага агрэсара”.

Калі гэта “адзіны магчымы шлях”! Але! Калі ёсьць магчымасьць ізаляваць вінаватага, прыцягнуць да адказнасьці і паставіць на шлях пакаяньня і перамены жыцьця, то ўжываньне сьмяротнага пакараньня ня мае сэнсу, таму што не прыносіць нічога добрага. Сьмяротнае пакараньне ня ставіць кропку на шляху зла…

Калі шукаем праўды і справядлівасьці, ня можа быць помсты

– Зло спараджае зло?

– Так. І гэта яшчэ – праліцьцё крыві. Бог заўсёды супраць праліцьця крыві, пачынаючы ад самага першага – калі Каін забіў Авэля. Так, Каін – забойца. Але паводле Слова Божага, таму, хто будзе помсьціць Каіну, Бог адпомсьціць у сем разоў больш.

Калі мы шукаем праўды і справядлівасьці, ня можа быць помсты. І калі ў нашай краіне ёсьць правасудзьдзе, то яго мэтай мае быць перадусім абараніць дабро кожнага чалавека і даць таму, хто правініўся, магчымасьць памяняць жыцьцё, каб выправіць шкоду, якую ён учыніў. Сьмяротнае пакараньне, на жаль, не дае такой магчымасьці.

Ёсьць пэўныя рэчы, якія чалавек ня мае права вырашаць. Бо ён ня Бог

– Афіцыйныя асобы, абараняючы сьмяротнае пакараньне, апэлююць да вынікаў рэфэрэндуму 1996 году. Маўляў, за сьмяротнае пакараньне выказалася большасьць грамадзян. Ці, на ваш погляд, дзяржава мае кіравацца ў гэтым пытаньні меркаваньнем большасьці?

– Кіравацца голасам большасьці ў дадзеным выпадку дзяржава проста ня мае маральнага права. Гісторыя сьведчыць, што калі гэта адбываецца, рана ці позна праліваюцца рэкі крыві мільёнаў нявінных людзей. Дзяржава наогул існуе дзеля таго, каб апекавацца ня большасьцю, але – кожным асобным чалавекам. Гэта галоўная функцыя дзяржавы. І калі пільнуюцца правы аднаго чалавека, то тады, у рэшце рэшт, ёсьць клопат пра дабро ўсіх. А калі дабро ўсіх захоўваецца, то і дабро адзінага чалавека будзе захаванае. І ў гэтым мае быць гармонія.

Да таго ж некаторыя пытаньні проста нельга выносіць на рэфэрэндум. Ёсьць пэўныя рэчы, якія чалавек ня мае права вырашаць. Чаму? Бо ён ня ёсьць Богам.  

Калі мы даем маўклівую згоду – адказнасьць ускладаецца і на нас

– Ёсьць меркаваньне, што калі чалавека караюць сьмерцю ад імя дзяржавы, то частка віны за гэтае забойства ўскладаецца на кожнага з нас як грамадзян гэтай дзяржавы. Атрымліваецца, што ўсе мы каты і забойцы?..

– У гэтым ёсьць рацыя. Калі мы, грамадзяне, дазваляем дзяржаве чыніць беззаконьне, то гэты грэх ня толькі на тым, хто падпісвае загад і выконвае прысуд. Гэты грэх – на кожным з нас. І кожны нясе за гэта адказнасьць. Ужо іншая справа, калі мы выносім свае меркаваньні на публічны форум і адкрыта адракаемся ад таго ці іншага дзеяньня дзяржавы, здымаючы гэтым самым зь сябе частку гэтай супольнай віны. Калі ж мы даем маўклівую згоду, то адказнасьць кладзецца таксама і на нас.

Жаданьне помсьціць вядзе ў бездань

– Вядома, што бацькам і сваякам пакараных сьмерцю ў Беларусі не паведамляюць пра месца іх пахаваньня пасьля расстрэлу, а з усіх асабістых рэчаў дасылаюць толькі турэмную робу сьмяротніка. Як бы вы расцанілі такія факты?

– Я магу памыляцца, але, на маю думку, гэта тая несправядлівасьць, якая сёньня адбываецца ў нашай краіне. Нават калі дапусьціць, што Беларусь у сваім разьвіцьці пакуль не дарасла да таго ўзроўню чалавечнасьці, каб скасаваць сьмяротнае пакараньне, дапусьціць, што ёсьць нейкія аб’ектыўныя прычыны, хоць я на дадзеным этапе іх не бачу, каб яе выкарыстоўваць і надалей, - усё адно ўвесь гэты працэс павінен быць празрыстым для грамадзтва. Нельга гэтае пакараньне ўскладаць на ўсіх – на блізкіх, родных, на ўсё грамадзтва. Бацькі і родныя маюць права ведаць, што адбылося з чалавекам. Няхай тады сьмяротнае пакараньне выконваецца публічна, няхай запрашаюць бацькоў, яны маюць на гэта права.

І яшчэ: дзяржаве не даецца права помсьціць за ўчыненае злачынства камусьці да другога ці трэцяга пакаленьня. Калі дзяржава гэта робіць, паўстае пытаньне да ўсяго нашага правасудзьдзя. Бо гэта ўжо нейкае сярэднявечча. Жаданьне помсьціць вядзе ў нікуды.

Дык якім мае быць “ідэальнае пакараньне” для забойцаў?

– Айцец Вячаслаў, ці вы як сьвятар у сваіх казаньнях уздымаеце праблему сьмяротнага пакараньня перад паствай?

– Канечне. Бо праблема актуальная для нашай краіны. І я неаднаразова падчас навучаньня, падчас казаньняў і катэхізацыі казаў пра гэта і кажу. Бо гэта маё заданьне – праліваць сьвятло Божае на кожную праблему. Прапаведуючы Эвангельле, ня можам толькі фрагмэнтарна абвяшчаць тую ці іншую праўду, пакліканы абвяшчаць усю праўду пра Бога і чалавека цалкам. Дарэчы, у свой час мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч публічна выступіў са зваротам да прэзыдэнта Беларусі, каб ён усклаў мараторый на сьмяротнае пакараньне. І гэты зварот яскрава прадэманстраваў пазыцыю ўсяго каталіцкага Касьцёла ў Беларусі.

– Добра, уявім сабе, што сьмяротнае пакараньне ў Беларусі адмянілі. Якая ёсьць альтэрнатыва? Якім, на вашу думку, мае быць ідэальнае пакараньне?

– Такое, якое паставіць забойцаў і тэрарыстаў на шлях навяртаньня, на шлях пакаяньня. Я веру ў тое, што нават самы крыважэрны злачынца можа шчыра пакаяцца і памяняць сваё жыцьцё. І ідэальным пакараньнем будзе тое, якое будзе ствараць такія ўмовы, каб вінаваты стаў на гэты шлях. Якія гэты ўмовы? Для кожнага грамадзтва і кожнай эпохі яны будуць розныя. Але, тым ня менш, таму мы і жывем на гэтым белым сьвеце, каб шукаць адказы на такія складаныя пытаньні і каб ня ставіць бессэнсоўную кропку праз выкананьне сьмяротных прысудаў. Бо гэта ёсьць абсурд.

Зьміцер Міраш