Пятніца, 08 Красавік 2016

Суд падтрымаў пратэст пракуратуры на пастанову аб штрафе прадавачцы

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Вольга Пашковіч з Глыбокага нібыта прадала піва непаўналетняй, і адміністрацыйная камісія райвыканкаму прысудзіла ёй штраф у памеры больш за 4 мільёны рублёў. Прадавачка не пагадзілася з рашэньнем пра штраф, і зьвярнулася ў пракуратуру. Вынік звароту: пракуратура апратэставала пастанову камісіі, і цяпер суд накіраваў справу на перагляд.

Інцыдэнт, які стаў падставай для разбіральніцтва, здарыўся ў Глыбокім у сакавіку. 17-гадовая дзяўчына, якую з бутэлькай піва ў рукох затрымалі міліцыянты, паведаміла, што набыла сьпіртное ў краме, дзе ў той вечар працавала Вольга Пашковіч.

Падставай для скасаваньня пастановы адміністрацыйнай камісіі сталі супярэчнасьці, выяўленыя ў справе. Так, непаўналетняя паведаміла, калі яна набыла піва і колькі выдаткавала грошай. Аднак кошт на піва ў краме, дзе працуе Вольга Пашковіч, не супаў з названым дзяўчынай. А  па касе прадавачкі ў названы час такі тавар наогул не праходзіў. Акрамя таго, у справе адсутнічаюць паказаньні міліцыянтаў. Сама ж непаўнагадовая так і не змагла дакладна сказаць, дзе яе затрымалі.

Па справе Вольгі Пашковіч будзе прызначаная новая камісія. Жанчына гатовая ісьці да канца. Яе абурае, што падчас першага разгляду справы паверылі паказаньням непаўналетняй дзяўчыны, а ня ёй, прадавачцы зь 17-гадовым стажам у гандлі, у практыцы якой не было ніводнага падобнага выпадку.

Вольга спадзяецца, што разабрацца ў сытуацыі дапамогуць новыя рэчавыя доказы, якія ўжо прынялі ў яе прадстаўнікі камісіі: гэта даведка пра кошт тавару і копіі касавай стужкі. Узяць пад увагу гэтыя сьведчаньні падчас першага разгляду справы адміністрацыйная камісія не палічыла патрэбным.

Пра сытуацыю, у якую трапіла Вольга Прашковіч, ведаюць у Глыбокім ужо многія. Паводле словаў жанчыны, людзі яе падтрымліваюць. Сярод сталых наведнікаў крамы, у якой працуе Вольга, ёсьць сьведкі, гатовыя пацьвердзіць, што прадавачка не зьдзяйсьняла таго, у чым яе абвінавацілі.