Чацвер, 01 Лістапад 2012

Прафсаюз РЭП дапамог работніку спагнаць з працадаўцы 11 мільёнаў рублёў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Працоўная спрэчка ўзьнікла паміж прыватным гандлёвым унітарным прадпрыемствам «Ультратэкрытэйл», Віцебск, і спэцыялістам па продажах Дзьмітрыем Анішчанкам. Наймальнік адмаўляўся выдаць працаўніку месячны заробак і зрабіць разьлік пры звальненьні. Дзякуючы дапамозе юрыдычнай службы прафсаюзу РЭП, наймальніку давялося заплаціць работніку значна больш.

Пра гэты выпадак распавёў прававы інспэктар прафсаюзу РЭП Валер Місьнікаў: “Малады чалавек прапрацаваў на прадпрыемстве «Ультратэкрытэйл» з 23 студзеня па 29 лютага 2012 года. Захацеў сысьці. Але дырэктар адмовіўся яго разьлічыць. Справа ў тым, што нашы працаўнікі занадта давяраюць вуснаму слову наймальніка, - са шкадаваньнем адзначыў прафсаюзны юрыст. - Паміж работнікам і дырэктарам філіялу была вусная дамоўленасьць аб прыёме на працу. Работнік падрыхтаваў усе неабходныя дакумэнты і накіраваў у аддзел кадраў. Але не атрымаў пацьверджаньня пра афармленьне яго на пасаду прадаўца”.

Як стала вядома пазьней, у блянках прадпрыемства была памылка - замест 2012 году быў надрукаваны 2011. Аддзел кадраў вярнуў работніку дакумэнты з просьбай зьмяніць год. Аднак дакумэнты аб прыёме на працу не былі аформленыя і пасьля таго, як працаўнік выправіў памылку.

Судовы разгляд адбываўся ў Кастрычніцкім судзе Віцебску. Як паведаміў Валер Місьнікаў, прадстаўнікі адказчыка не хацелі прыходзіць у суд, і прызнаць пазоўныя патрабаваньні адмовіліся. Аднак былі сабраныя дакумэнтальныя пацьверджаньні таго, што працаўнік сапраўды праходзіў карпаратыўнае навучаньне, атрымаў плястыкавую банкаўскую картку для атрыманьня заработнай платы, прыходзіў на працоўнае месца і працаваў.

Тады адказчык у сваё апраўданьне заявіў, што паколькі працоўныя адносіны не былі аформленыя належным чынам, Дзьмітры Анішчанка не лічыўся працаўніком гэтага прадпрыемства, таму і зарплату яму ня выдалі. Іншых пярэчаньняў, паводле слоў Валера Місьнікава, у адказчыка не было.

“Згодна з Працоўным кодэксам, пачаткам дзеяньня працоўнай дамовы зьяўляецца дзень, вызначаны ў ёй бакамі, а фактычнае дапушчэньне работніка да працы зьяўляецца пачаткам дзеяньня працоўнай дамовы, незалежна ад таго, ці быў прыём на працу аформлены належным чынам, - растлумачыў прафсаюзны юрыст. - Натуральна працаўнік не павінен несьці адказнасьць за тое, што кадравая служба прадпрыемства ня выканала сваіх абавязкаў”.

Як распавёў Валер Місьнікаў, факт прысутнасьці Дзьмітрыя Анішчанкі на працы і выкананьня ім сваіх службовых абавязкаў пацьвердзілі 5 сьведак.

Прадстаўнік адказчыка ўхіліўся ад судовых спрэчак. Суд вынес рашэньне задаволіць пазоўнае патрабаваньне Анішчанкі часткова, гэта значыць прызнаць працоўную дамову паміж работнікам і наймальнікам, абавязаўшы наймальніка належным чынам аформіць дакумэнты аб прыёме на працу, і спагнаў на карысьць работніка 893000 рублёў у кошт заработнай платы, а таксама разьлік пры звальненьні ў суме больш за 10 мільёнаў рублёў - сярэдні заробак за затрымку пры звальненьні. Прафсаюз лічыць рашэньне суду законным і справядлівым.

Praca-by.info