Як паведамлялася раней, 26 верасьня рашэньнем Кастрычніцкага райсуду Віцебску грамадзкія і партыйныя актывісты Тацяна Севярынец, Георгі Станкевіч і Алена Шабуня за сьпевы без дазволу былі аштрафаваныя на пяць базавых велічыняў. Бяскрыўднае выкананьне дзьвюх песьняў пад гітару ля падземнага пераходу насупраць летняга амфітэатру падчас выбарчай кампаніі судзьдзя Ўладзімер Царыкаў кваліфікаваў як несанкцыянаванае пікетаваньне, мэта якога ня мае дачыненьня да збору подпісаў.
Нягледзячы на ўсю хісткасьць пастаўленага ў віну прэтэндэнтам на месцы ў беларускім парлямэнце, суд стаў на бок міліцыянтаў, якія ініцыявалі працэс. Актывісты не пагадзіліся з тым, што суд прызнаў іх вінаватымі ў зьдзяйсьненьні адміністрацыйнага правапарушэньня, прадугледжанага часткай 1 артыкулу 23.34 адміністрацыйнага кодэксу (парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых вулічных акцыяў) і падалі скаргу ў суд вышэйшай інстанцыі.
Скаргу на пастанову суду Кастрычніцкага раёну Віцебску разгледзела 16 лістапада судзьдзя Сьвятлана Іванова. Вывучыўшы справу, судзьдзя абласнога суду пастанавіла пакінуць рашэньне суду ніжэйшай інстанцыі бязь зьменаў, а скаргу – без задавальненьня.
Карыстаючыся сваім правам абскардзіць і гэтае рашэньне, актывісты зьвярнуліся да старшыні Віцебскага абласнога суду. Аднак ва ўмовах прававых рэаліяў, што існуюць у краіне, на станоўчы вынік разгляду іх нагляднай скаргі яны асабліва не спадзяюцца.
С. Горкі