Чацвер, 20 Красавік 2017

Абласны суд адхіліў скаргі аршанскіх абаронцаў жывёл

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Алена Мірашнічэнка, Арцём Ісачэнка Алена Мірашнічэнка, Арцём Ісачэнка

19 красавіка ў Віцебскім абласным судзе прайшлі першыя разгляды скаргаў заалягічных актывістаў. Месяц таму яны былі аштрафаваныя за незаконнае пранікненьне на ахоўваемую тэрыторыю Аршанскай спэцаўтабазы, агульны памер штрафаў шасьцярым актывістам склаў 1724 эўра.

На спэцаўтабазе жывёлы ўтрымліваліся ў жахлівых умовах і бязь ежы, а работнік прадпрыемства нападаў на актывістаў і спрабаваў вырваць мікрафон. Але міліцыя адмовілася заводзіць справу на спэцаўтабазу і яе супрацоўнікаў. Заслухаўшы ўсе тлумачэньні валянтэраў Алены Мірашнічэнкі і Арцёма Ісачэнкі, Віцебскі абласны суд пакінуў у сіле рашэньне суду Воршы і Аршанскага раёну.

Актывістка Алена Мірашнічэнка адзначыла, што судзьдзі на абодвух паседжаньнях нават не выходзілі з залі для абдумваньня рашэньняў.

– Суд прайшоў стабільна, бязь зьменаў, хутка, усё адразу. Вельмі зьдзівіла тое, што судзьдзям не спатрэбілася нават 10 сэкунд, каб прыняць рашэньне. Было ўсё прынятае імгненна, хаця і гучалі довады аб тым, што мы прызнавалі сваю віну, не прыцягваліся ніколі да адказнасьці, але гэта ніяк не паўплывала на рашэньне судзьдзі. Мы ўжо пракансультаваліся з адвакатам Анастасіяй Жаўрыд. Найбліжэйшым часам яна будзе рыхтаваць тэкст абскарджаньня.

26 красавіка ў Віцебскім абласным судзе адбудуцца слуханьні па скаргах астатніх валянтэраў, у тым ліку і Юліі Малышавай, якая была прыцягнутая да адказнасьці па трох артыкулах адміністрацыйнага кодэксу, а менавіта за «Незаконнае пранікненьне на ахоўваемую тэрыторыю», «Непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню ці патрабаваньню службовай асобы падчас выкананьня ёй службовых паўнамоцтваў», а таксама «Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі» і атрымала штраф, які ў суме складае 46 базавых велічынь.

Кастусь Багушэвіч, Радыё Рацыя