Чацвер, 08 Чэрвень 2017

Суд над віцебскай актывісткай, якая мае спрэчку зь міліцыяй, працягнецца (відэа)

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Надзея Куканос Надзея Куканос

Затрыманая 5 чэрвеня віцебская актывістка Надзея Куканос, якая нібыта стала сьведкай міліцэйскага бязьмежжа, выйшла на волю. Перад тым яна правяла ноч у ізалятары часовага ўтрыманьня.

Паводле словаў грамадзянскай актывісткі, у мінулую пятніцу яна стала сьведкай зьбіцьця работнікамі міліцыі двух п'яных грамадзян. Тое, што адбывалася, яна зьняла на свой мабільны тэлефон. Як чалавек зь юрыдычнай адукацыяй, Надзея ўгледзела ў дзеяньнях міліцыянтаў перавышэньне службовых паўнамоцтваў і зьвярнулася ў АУС Чыгуначнага раёну гораду Віцебску з адпаведнай заявай.

Аднак, як сьцьвярджае спадарыня Надзея, у панядзелак раніцай дзяжурны афіцэр РАУС паведаміў ёй, што ніякай заявы ад яе не рэгістравалася, а скаргаў ад пацярпелых не паступала. Замест разбору інцыдэнту, жанчыну абвінавацілі ў загадзя фальшывым даносе і склалі пратакол. Паводле словаў актывісткі, у адказ на такое нахабства яна прадэманстравала запісаны на тэлефон факт зьбіцьця грамадзян.

Актывістка распавяла, што дзяжурны, які зьмяніўся ў твары, запрасіў маёра Кацкевіча, і той пачаў вырываць з рук актывісткі мабільнік. Адабраць тэлефон маёру нібыта ўдалося толькі з дапамогай яшчэ двух міліцыянтаў. Як сьведчыць Надзея Куканос, падчас інцыдэнту Кацкевіч узяў яе за валасы і ўдарыў галавой аб сьцяну: жанчына страціла прытомнасьць.

Пасьля таго, што адбылося, актывістка была агледжаная на наяўнасьць алькаголю. Аднак вынік стаўся адмоўным. Нягледзячы на гэта, Кацкевіч, паводле яе словаў, прымусовым тонам загадаў лекару хуткай дапамогі, якая прыехала на выклік, узяць кроў зь вены дзеля паўторнага аналізу.

Увесь дзень Надзея правяла ў РАУС, а ў першай гадзіне ночы жанчыну прывезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня.

Раніцай грамадзянскую актывістку даставілі ў суд Чыгуначнага раёну, дзе ёй было прад'яўленае абвінавачаньне ў непадпарадкаваньні супрацоўнікам праваахоўных органаў і абразе іх (КаАП 23.4 і 23.5).

У ходзе разбору судзьдзя Ала Бардзюкова зрабіла перапынак у судовым паседжаньні, задаволіўшы хадайніцтва Надзеі Куканос наконт азнаямленьня з матэрыяламі справы і пра ўдзел ў справе адваката.

Слуханьні па справе ў судзе Чыгуначнага раёну працягнуцца 9 чэрвеня а 9:30.

С. Горкі