Чацвер, 22 Чэрвень 2017

Прысуд «тэрор-машыне» пакінуты бязь зьменаў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Станіслаў Ганчароў Станіслаў Ганчароў

Калегія Вярхоўнага Суду не задаволіла апэляцыйнай скаргі на прысуд Віцебскага абласнога суду жыхара Віцебску Станіслава Ганчарова, вядомага пад мянушкай «тэрор-машына».

Станіслаў Ганчароў, які ваяваў у зоне АТА ва Ўкраіне добраахвотнікам у палку «Азоў», быў арыштаваны па вяртаньні ў Беларусь у 2016 годзе і тут асуджаны на 7 гадоў пазбаўленьня волі. Маладога чалавека прызналі вінаватым у рабаўніцтве ў складзе групы, разьдзіманьні расавай і нацыянальнай варожасьці, захоўваньні парнаграфіі з мэтай распаўсюду праз інтэрнэт і злосным хуліганстве.

Сёлета ў сакавіку разам са Станіславам Ганчаровым Віцебскі абласны суд асудзіў на тэрміны ад 1 году абмежаваньня волі да 6 гадоў пазбаўленьня волі яшчэ 7 юнакоў. Пра абскарджваньне прысудаў саўдзельнікамі Ганчарова невядома.

Пачынаючы з 2012 году, паводле праваахоўных органаў, Станіслаў Ганчароў быў лідэрам футбольнай фанацкай групоўкі, заклікаў да зьнявагі і зьбіваньня людзей неславянскай зьнешнасьці, сам удзельнічаў у гэтых дзеяньнях. Адзін з пацярпелых, 17-гадовы хлопец, расказаў на судзе пра падзеі, якія адбыліся ў Віцебску.

«Гэта адбылося на тэрыторыі каледжу. Пастралялі мне па нагах з пнэўматыкі. Яшчэ мяне прымушалі танцаваць, перадаваць прывітаньне Ўкраіне», — распавядаў пацярпелы. Між тым Станіслаў Ганчароў, паводле блізкіх да яго крыніц, віны на судзе не прызнаў.

Апэляцыю Станіслава Ганчарова Вярхоўны Суд разглядаў 16 чэрвеня. На апэляцыю прыяжджалі знаёмыя Станіслава Ганчарова зь Віцебску, але на разгляд скаргі іх не дапусьцілі. Судзьдзі спаслаліся на тое, што паседжаньне ў Віцебскім абласным судзе было закрытым, таму і апэляцыйную скаргу таксама мусяць разглядаць за зачыненымі дзьвярыма.

Больш за год Станіслава Ганчарова ўтрымліваюць у віцебскім СІЗА. Цяпер, калі лічыцца, што прысуд Ганчарову набыў моц, асуджанага накіруюць у адну з калёніяў (якую дакладна, невядома).

Станіслаў Ганчароў стаў другім добраахвотнікам зь Віцебскай вобласьці, якога ў Беларусі асудзілі на зьняволеньне пасьля вяртаньня з Украіны. Летась быў прызнаны вінаватым ў незаконных дзеяньнях са зброяй і кантрабандзе ды асуджаны на 5 гадоў пазбаўленьня волі жыхар Наваполацку, былы баец «Правага сэктару» Тарас Аватараў. У судзе Тарас Аватараў не прызнаваў сябе вінаватым, а суд над сабой называў помстай з палітычных прычынаў. Тарасу Аватараву, як цяпер і Станіславу Ганчарову, не ўдалося дамагчыся адмены ці хаця б зьмякчэньня прысуду праз апэляцыю.

Алег Грузьдзіловіч, svaboda.org