Пятніца, 11 Жнівень 2017

У Віцебску разглядаюць справу хлопцаў, якія сьцьвярджаюць, што іх зьбілі АМАПаўцы

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Суд Першамайскага раёну Віцебску Суд Першамайскага раёну Віцебску Фота: Ігар Мацьвееў, tut.by

Суд Першамайскага раёну Віцебску 8 жніўня пачаў разглядаць адміністрацыйную справу ў дачыненьні да хлопцаў, якія абвінавачваюць супрацоўнікаў міліцыі ў тым, што яны іх зьбілі.

Двое жыхароў Віцебску абвінавачваюць супрацоўнікаў АМАПу ў зьбіцьці. Яны апублікавалі здымкі сваіх траўмаў.

Вэрсія хлопцаў: «Мы нікому не заміналі, нас зьбілі і запалохвалі»

Свой погляд на інцыдэнт двое хлопцаў – Сяргей Гарэлікаў і Ўладзімер Ягораў – паведамілі грамадзкасьці празь дзень пасьля здарэньня. Яны таксама апублікавалі ў інтэрнэце фатаграфіі пабояў, якія, паводле іх словаў, ім нанесьлі супрацоўнікі АМАПу.

Нагадаем, падзеі разгортваліся ў ноч з 26 на 27 ліпеня на ўскраіне Віцебску, у раёне рачнога порту. Кампанія зь пяцярых хлопцаў адпачывала тут, побач была прыпаркаваная іх машына. Чацьвёра з маладых людзей былі п'яныя, цьвярозы быў толькі кіроўца аўто – Сяргей Гарэлікаў. Напярэдадні хлопцы банкетавалі ў бары, а потым працягнулі забаўляцца на сьвежым паветры – слухалі музыку.

Паводле словаў хлопцаў, месца, дзе яны разьмясьціліся, – бязьлюднае, побач няма жылых дамоў. Але тым не менш міліцыя палічыла, што яны парушаюць грамадзкі парадак. Маладыя людзі таксама сьцьвярджаюць, што не пілі ў момант сустрэчы з праваахоўнікамі:

– Побач знаходзіцца канцавы прыпынак аўтобусаў, там валяліся чужыя стопкі. І нам заявілі, што гэта нашы. Мы адмаўлялі, пачалася слоўная сварка. На што міліцыянт сказаў: «Я ўсё зразумеў, чэрці» – і выклікаў АМАП.

Далей падзеі, паводле вэрсіі хлопцаў, разгортваліся так. У аднаго з удзельнікаў кампаніі міліцыянты забралі тэлефон і выдалілі відэа, на якім ён захаваў усё, што адбываецца. Пазьней тэлефон і зусім разьбілі. Самога аўтара відэа, паводле яго прызнаньня, «задзьмулі» балёнчыкам, паклалі на асфальт і «білі дручкамі некалькі хвілін». Пры гэтым зламалі руку. Сьляды ад дручкоў засталіся на твары і целе і ў яго прыяцеля. Калі хлопцаў прывезьлі ў пастарунак, то, паводле іх сьведчаньняў, запалохвалі: «Наступным раз акунём галавой у туалет».

Ноч пасьля сваіх «прыгодаў» мужчыны правялі ў Першамайскім РАУС Віцебску. Там на ўсіх пяцярых склалі пратаколы паводле артыкулу 17.1 КаАП (дробнае хуліганства). Яшчэ траіх хлопцаў абвінавачваюць паводле артыкулу 23.4 КаАП (непадпарадкаваньне патрабаваньням міліцыі).

Мужчыны зьнялі пабоі, падалі заяву па факце зьбіцьця.

Вэрсія міліцыі: «Грамадзяне лаяліся матам, хацелі біцца»

На паседжаньні 8 жніўня судзьдзя Натальля Карабліна апытала аднаго з хлопцаў – Сяргея Гарэлікава. Астатнія чацьвёра, як ён паведаміў журналістам, не змаглі прыйсьці – знаходзяцца на заробках у Расеі.

Супрацоўнікі АМАПу выступілі ў судзе ў якасьці сьведак.

У прыватнасьці, міліцыянт АМАП УУС Віцебскага аблвыканкаму старшына Стайноў распавёў, што ў ноч на 27 ліпеня ён і двое яго калег заступілі ў нарад. Гэта быў аўтапатруль вуліц у Першамайскім раёне гораду. Каля 3-й гадзіны ночы міліцыянты пачулі «гучную музыку і гучныя крыкі» ў раёне рачнога порту.

– Прыехалі ў гэтае месца. На прыпынку было 5 чалавек. Хтосьці зь іх расьпіваў піва з плястыкавых стопак, а адзін трымаў бутэльку. Побач стаяла Toyota з расейскім нумарам. Зь яе гучна грала музыка. Паблізу, мэтрах у 50-ці, на вуліцы Максіма Горкага, 197 – жылы дом. Мы выйшлі ўтраіх са службовай машыны, прадставіліся маладым людзям. Старшы нараду папрасіў іх выключыць музыку, сабрацца і зьехаць дадому. Але гэтыя грамадзяне пачалі крычаць: «Што вы сюды прыехалі, хто вы такія». Толькі ўсё гэта было матам. Найбольш агрэсіўна быў настроены адзін зь іх – Ягораў. Ён наблізіўся да мяне, падняў рукі, сьціснуў кулакі і спытаў: «Што ты глядзіш, можа, цябе ўдарыць?». Зноў жа, гэта было сказана нецэнзурна. Мы спрабавалі знайсьці агульную мову з гэтымі грамадзянамі. Яны зрабілі музыку цішэй, але ўсё адно гучна лаяліся матам.

Паразуменьне з кампаніяй, якая адпачывала, міліцыянты, паводле словаў старшыны, шукалі хвілін 15-20. Пасьля гэтага старшы нараду прыняў рашэньне выклікаць падмацаваньне па рацыі.

– Пакуль мы чакалі падмогу, усё адно працягвалі супакойваць гэтых грамадзян, прасілі: «Спыніце весьці супрацьпраўныя дзеяньні». Але яны ў адказ працягвалі размаўляць з намі на мацерным лексіконе. Па-мойму, яны наогул не разумелі, дзе знаходзяцца і з кім гутараць.

– Чаму вы так вырашылі, што яны не разумеюць? – удакладніла судзьдзя.

– Таму што яны з самага пачатку ўвесь час пыталі: «Хто вы такія і што вам тут трэба?» – адказаў сьведка.

Хвілін праз 15-20 прыехала «падмога» – яшчэ тры АМАПаўцы. Старшы нараду паведаміў хлопцам, што ўсе пяцёра затрыманыя за ўчыненьне дробнага хуліганства, што яны павінны прайсьці ў службовую машыну, праехаць адразу на мэдагляд, а пасьля ў РАУС – дзеля складаньня пратаколу. Калі хлопцы не падпарадкуюцца, то да іх ужывуць фізычную сілу і спэцсродкі.

Двое хлопцаў селі ў машыну самі, хоць, паводле словаў старшыны Стайнова, абураліся пры гэтым – і зноў матам. Да астатніх траіх давялося прымяніць сілу.

– Грамадзянін Гарэлікаў катэгарычна адмовіўся сядаць у нашу машыну. Сказаў: «Ідзіце вы...». Ну вы зразумелі, так? – спытаў АМАПавец у судзьдзі і працягнуў: – Мы яго неаднаразова папярэдзілі пра ўжываньне сьпецсродкаў. Пасьля гэтага мой калега ўжыў газ. Гарэлікава затрымалі і пасадзілі ў спэцтранспарт.

Ягораў, па словах Стайнова, спрабаваў яго ўдарыць: «Ён стаў у баявую стойку, размахваў рукамі, рабіў такія кругавыя рухі рукамі, спрабаваў нанесьці ўдар. І крычаў нешта накшталт  "Надакучылі, мусары!". Старшы нараду неаднаразова яго папярэджваў пра ўжываньне спэцсродкаў. Але ён як махаў рукамі, гэтак і працягваў махаць імі. Тады старшы нараду ўжыў газ. Але і газ не спыніў яго – ён толькі выцер твар рукавом і зноў махаў рукамі. Пасьля гэтага старшы нараду ўжыў палку, ударыў Ягорава каля 3-4 разоў па мяккіх тканках. Ён упаў пад уласнай вагой на адно калена, упіраўся, не хацеў ісьці, мы яго паднялі і завялі ў машыну».

«У баявую стойку», паводле словаў АМАПаўца, стаў яшчэ адзін удзельнік кампаніі – Рыбакоў:

– Сьціснуў кулакі і пытаецца: «Ну што ты мне зробіш?». Потым схапіў мяне за форменную вопратку. Гэта ўбачыў мой калега. Ён падышоў, і мы завялі Рыбакову рукі за сьпіну, надзелі яму кайданкі.

Калі хлопцаў прывезьлі на мэдагляд, ніхто зь іх, паводле словаў міліцыянта, скаргаў на здароўе не выказваў. А ў РАУС Ягораў прапаноўваў праваахоўнікам выйсьці на вуліцу і там зь ім пабіцца. «На камэрах усё ёсьць», – удакладніў Стайноў.

– Ці білі супрацоўнікі міліцыі кагосьці рукамі або нагамі? – спытала судзьдзя.

– Высокі суд, я расказаў усё, як было. Мы дзейнічалі толькі ў адпаведнасьці з законам.

Такую самую гісторыю выклаў у судзе і яшчэ адзін сьведка – міліцыянт-кіроўца Вішнеўскі. На пытаньне судзьдзі, ці білі яны кагосьці нагамі або рукамі, адказаў:

– Не-не. Такога не магло быць.

– Не магло быць ці не было? – спытала судзьдзя.

– Не было.

Наступнае судовае паседжаньне адбудзецца 21 жніўня.

news.tut.by