Нядзеля, 12 Жнівень 2018

Кошт трох палак кілбасы, бутэлькі каньяку і каробкi цукерак: 4 гады зьняволеньня

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Сяргей Карпенка Сяргей Карпенка Фота: rossonka.by

8 жніўня суд Расонскага раёну прызнаў 56-гадовага дырэктара камунальнага ўнітарнага сельскагаспадарчага прадпрыемства «Краснапольле» Сяргея Карпенку, які кіраваў гаспадаркай 24 гады, вінаватым у атрыманьні хабару шляхам вымаганьня.

Як высьветліла сьледзтва, 4 траўня Карпенка, які таксама зьяўляўся дэпутатам райсавету, знаходзячыся ў сваім працоўным габінэце, запатрабаваў ад беспрацоўнай за працаўладкаваньне ў КУСГП хабар у выглядзе прадуктаў харчаваньня і сьпіртных напояў.

Пасьля гэтага жанчына, якая хацела працаўладкавацца ў КУСГП «Краснапольле», зьвярнулася ў міліцыю. 7 траўня яна прынесла ў габінэт і перадала дырэктару сельгаспрадпрыемства бутэльку каньяку, тры палкі кілбасы і каробкуку цукерак агульным коштам 45 рублёў 56 капеек.

Пасьля гэтага Сяргей Карпенка быў затрыманы з доказамі злачынства ў працоўным габінэце, а пасьля зьмешчаны ў сьледчы ізалятар.

Акалічнасьцямі, якія зьмякчаюць адказнасьць абвінавачанага, суд прызнаў наяўнасьць на яго ўтрыманьні непаўналетняга дзіцяці і выплату ў поўным аб'ёме сумы даходу ад злачыннай дзейнасьці.

У выніку Сяргей Карпенка прызнаны вінаватым у атрыманьні хабару шляхам вымаганьня, і на падставе часткі 2 артыкулу 430 КК яму прызначанае пакараньне ў выглядзе 4-х гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй усёй маёмасьці і пазбаўленьнем права займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых функцыяў на 4 гады. Адбываць пакараньне былы старшыня будзе з адбываньнем пакараньня ў папраўчай калёніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму, пра гэта паведамілі ў прэсавай службе Віцебскага абласнога суду.

Прысуд законную моц не набыў і можа быць абскарджаны і апратэставаны ў вызначаным законам парадку.

Сяржук Серабро, news.vitebsk.cc