Апошнім часам Міхаіл Жамчужны адзначыў за кратамі два юбілеі - адзін год знаходжаньня ў якасьці арыштаванага паводле крымінальнай справы і сваё шасьцідзесяцігодзьдзе. Тым ня менш, нягледзячы на сёньняшняе незайздроснае становішча, сузаснавальнік праваабарончай арганізацыі «Пляцформа» спадзяецца «перажыць рэжым, а можа, і яго заснавальніка...»
Віцебскі праваабаронца піша, што пачуваецца бадзёра. Здароўе і настрой - у норме. Адзінае, што яго турбуе - гэта інфармацыйная ізаляцыя і лёс некалькіх дзясяткаў лістоў, якія былі дасланыя праваабаронцам і сябрам, але адказаў на якія ён не атрымаў.
«Вельмі прыгнятае недаступнасьць інфармацыі. Што на Волі? Што з Украінай? Што з інфляцыяй? Як трымаюцца кандыдаты ў прэзыдэнты?» - непакоіцца вязень. Ён спадзяецца, што яму ўдасца ліквідаваць інфармацыйныя прабелы, калі зможа «празь месяц-паўтара ўжо выехаць у якую-небудзь «Зону» і дабрацца да тэлевізара, тэлефона і іншых выгодаў цывілізацыі».
У цяперашні жа час уся ўвага Міхаіла засяроджаная на пададзенай касацыі. Ён «напісаў пярэчаньні на пратэст пракурора (дзяржабвінаваўцы), заўвагі на пратакол судовага паседжаньня і некалькі касацыйных скаргаў на скасаваньне прысуду і аб спыненьні крымінальнага перасьледу, а таксама хадайнічаў аб выкліку ў суд касацыйнай інстанцыі для дачы тлумачэньняў у Вярхоўным Судзе».
Застаецца толькі пажадаць посьпехаў Міхаілу Жамчужнаму. Хаця, зважаючы на беларускія рэаліі, дамагчыся ў судох краіны нават зьмякчэньня пакараньня па палітычных справах уяўляецца малаімаверным.