Аўторак, 25 Чэрвень 2019

Пачаўся суд над падазраваным у забойстве жанчын у Прысушыне – яму пагражае расстрэл

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

У Віцебскім абласным судзе 24 чэрвеня пачалося слуханьне крымінальнай справы, распачатай у дачыненьні да жыхара Віцебскага раёну Віктара Паўлава. Яго падазраюць у забойстве дзьвюх пэнсіянэрак у вёсцы Прысушына Віцебскага раёну. Мужчыне пагражае сьмяротнае пакараньне.

Супраць 50-гадовага мужчыны высунутыя абвінавачаньні па ч.3 арт.207 КК (Разбой) і ч.2 арт.139 (Забойства). Старшынюе на паседжаньні судзьдзя Яўген Даўлюд.

Падсудны прызнаў сваю віну, але ня згодны з абвінавачаньнямі па арт. 207 і п.12 ч.2 арт.139 (забойства з карысьлівых мэтаў). Патлумачыў у судзе, што не зьбіраўся пэнсіянэрак ані рабаваць, ані забіваць, а прыйшоў у госьці з цалкам добрымі намерамі.

Адзначым, што Віктар Паўлаў быў раней асуджаны паводле таго ж самага артыкулу. За забойства мужчыны ён правёў за кратамі 10 гадоў, вызвалены ў 2015 годзе.

Трагедыя ў Прысушыне адбылася 30 сьнежня 2018 году. Паводле вэрсіі сьледзтва, злачынца трапіў у дом жанчын з мэтай рабаваньня. Ён напаў на гаспадынь (сёстрам было 77 і 79 гадоў) і стаў іх зьбіваць драўлянай палкай. Ад атрыманых траўмаў яны памерлі.

Паводле інфармацыі, агучанай у судзе пракурорам, абвінавачаны забраў з дому пэнсіянэрак сумку, дзьве бутэлькі віна, рукавіцы, флікэр і каля 150 рублёў наяўных грошай. Кошт скрадзенага склаў каля 7-мі базавых велічынь.

Абвінавачаны патлумачыў, што з адной з забітых ён пазнаёміўся летам 2018 году, калі прыйшоў да яе, каб купіць бутэльку віна. Пазьней ня раз прыходзіў у той дом, каб рабіць працы па гаспадарцы. Бабулі давалі яму за працу 10-15 рублёў. Сталай жа працы мужчына ня меў, перабіваўся невялікімі заробкамі…

“Віцебская вясна” будзе сачыць за працэсам.

Нагадаем, праваабаронца Павал Левінаў накіраваў у траўні зварот да судзьдзяў судовай калегіі па крымінальных справах Віцебскага абласнога суду з просьбай не караць сьмерцю падазраванага ў забойстве дзьвюх жанчын у Прысушыне.

“Памятайце, што сьмяротны вырак легалізуе інстытут легальных забойцаў, якія зьдзяйсьняюць наўмыснае забойства”, – папярэджваў праваабаронца судзьдзяў.

Уладзімер Бяляўскі