Пракурор патрабаваў перакваліфікаваць учынак Сьпірыдонавай на правапарушэньне, прадугледжанае іншым артыкулам – 23.34 КаАП, то бок убачыў у ім парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Судзьдзя Міхаіл Юрчанка пратэст пракурора задаволіў.
Накіравалі на новы разгляд
Згодна са складзеным маёрам міліцыі Уладзімерам Казлоўскім пратаколам, «27.01.2020 году… Сьпірыдонава, знаходзячыся на пр. Маскоўскім, 55 у г. Віцебску разьмясьціла ўлётку з тэкстам «Калгаснай дыктатуры Баста!» ў месцы, адмыслова для гэтага не прызначаным», чым парушыла правілы добраўпарадкаваньня і ўтрыманьня населеных пунктаў.
Аднак, на думку пракуратуры, Першамайскі РАУС памылкова ўжыў закон і неабгрунтавана прыцягнуў актывістку да адміністрацыйнай адказнасьці паводле ч.2. арт. 21.14. Згодна зь лёгікай пракурора, Сьпірыдонава «публічна выказала свае грамадзка-палітычныя погляды», а таму яе варта прыцягнуць да адказнасьці паводле арт. 23.34 (Парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў).
Супрацоўнік Першамайскага РАУС, які прысутнічаў у залі суду, пагадзіўся з такімі довадамі і цалкам падтрымаў пратэст пракуратуры.
Судзьдзя Міхаіл Юрчанка задаволіў пратэст і пастанавіў накіраваць справу на новы разгляд.
Па-новаму, ужо паводле ч.3 арт. 23.34 КаАП, справу Сьпірыдонавай разгледзяць у судзе Першамайскага раёну 12 лютага ў 17.00.
«Выйшаў з кватэры – павінен быць рабом»
«Глядзіце, што атрымалася: чалавек наклеіў налепку на будынак, і яго за гэта хочуць судзіць за парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Але паводле заканадаўства, «масавае мерапрыемства» – гэта пікет, вулічнае шэсьце, дэманстрацыя і мітынг. Да якога азначэньня яны гэтую налепку зьбіраюцца прычапіць – мне незразумела», – пракамэнтаваў рашэньне суду віцебскі праваабаронца Павал Левінаў.
На думку праваабаронцы, гэтак робіцца для таго, «каб зусім пазбавіць грамадзян права на выказваньне свайго меркаваньня».
«Вось у сваёй кватэры можаш налепкі ляпіць, можаш шэсьці ладзіць. Але калі выйшаў з кватэры – павінен быць рабом…» – кажа Павал Левінаў.
Яшчэ адзін суд – над Сьпірыдонавай і Круткіным
У той жа дзень, 12 лютага, у судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску адбудзецца разгляд яшчэ адной адміністрацыйнай справы ў дачыненьні да Натальлі Спірыдонавай – за тыя ж улёткі, але налепленыя на будынак аблпракуратуры (пачатак - 15.30).
Судзіць яе будуць разам з полацкім блогерам Алесем Круткіным, які зараз адбывае 15 сутак арышту за сьнежаньскія акцыі ў Менску.
Уладзімер Бяляўскі