Судовае паседжаньне 11 траўня адбылося ў анлайн-рэжыме: судзьдзя кантактавала з абвінавачаным, які знаходзіўся у гэты час у ІЧУ, праз скайп. Адміністрацыйную справу разглядала судзьдзя Алена Цыганкова.
Паводле міліцэйскага пратаколу, Аляксандар Ільінец 3 траўня ўзяў удзел у несанкцыянаваным пікетаваньні на плошчы Перамогі ў Віцебску – «з разьмяшчэньнем інфармацыі аб мерапрыемстве ў інтэрнэце».
Падчас суду Ільінец заявіў, што са складзеным пратаколам згодны.
«Я ня ведаў, што гэтымі дзеяньнямі парушаю заканадаўства РБ. Мы проста размаўлялі зь сябрамі, ішлі і размаўлялі пра тое, што ў Віцебску няма дзе знайсьці працу…» – тлумачыў на судзе Ільінец.
Ён таксама заявіў, што за трое сутак, якія правёў у ізалятары, у яго пагоршыўся стан здароўя – ён зноў пачаў кашляць. Прасіў, каб яго не каралі арыштам, а «далі штраф».
У выніку судзьдзя Алена Цыганкова прызнала Аляксандра Ільінца вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаваньні (ч.1 арт. 23.34 КаАП РБ) і пастанавіла пакараць яго адміністрацыйным арыштам на 5 сутак. Тэрмін адміністрацыйнага арышту лічыцца з моманту затрыманьня – 8 траўня, 14.20.
Ільінец выйдзе на волю 13 траўня.
Інфармацыя аб яшчэ пяці затрыманых, пра якіх пасьпеў паведаміць у канале «Віцебск для жыцьця» сам Ільінец 8 траўня, пакуль удакладняецца. Іхныя справы, калі яны былі заведзеныя, у судзе разам са справай Ільінца не разглядаліся. У канцылярыі суду нам нічога наконт іх не паведамілі.
Зьміцер Міраш
Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!
Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.