Чацвер, 04 Чэрвень 2020

Андрэя Зуева і Артура Сінегу прысудзілі ў Наваполацку да 15 сутак арышту

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Андрэй Зуеў і Артур Сінега пасьля суду Андрэй Зуеў і Артур Сінега пасьля суду

Сябра ініцыятыўнай групы Артур Сінега і валянтэр Андрэй Зуеў былі затрыманыя ў Наваполацку 3 чэрвеня. Суткі да суду яны правялі ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. Сёньня суд гораду Наваполацку прызнаў іх вінаватымі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаваньні (ч.3 арт. 23.34 КаАП) і пакараў 15 суткамі арышту. Але выкананьне прысуду адклалі на будучыню – актывісты выйшлі на волю…

Адміністрацыйныя справы Андрэя Зуева і Артура Сінегі разглядала праз скайп судзьдзя Зінаіда Балаболава. Суд прайшоў патаемна ад журналістаў і паплечнікаў актывістаў, якія так і не трапілі на адкрытае паседжаньне, бо інфармацыю пра яго пачатак ад іх папросту схавалі.

Судзьдзя Балаболава прызнала наваполацкіх актывістаў вінаватымі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаваньні (арт. 23.34 КаАП) з выкарыстаньнем плякатаў «Слуга, сыходзь – народ прыйшоў», «Краіна для жыцьця», выявай перакрэсьленага прусака ды іншымі. Па словах Артура Сінегі, судзьдзя зачытвала рашэньне са звычайнага нататніку: 15 сутак арышту.

Ніякія пярэчаньні і довады пра тое, што актывісты бралі удзел у цалкам легальным пікеце для збору подпісаў, судзьдзя пад увагу не ўзяла.

Нечаканасьцю стала тое, што пасьля абвяшчэньня пастановы аб арышце, мужчын выпусьцілі з цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў на волю. Ім паведамілі, што яны маюць 5 дзён на абскарджаньне рашэньня суду і што выкананьне прысуду пакуль адкладзенае.

«Думаю, што зрабілі гэта ня зь нейкіх гуманных меркаваньняў, а каб мець магчымасьць «закрыць» у любы момант. Мяркую, паспрабуюць зрабіць гэта напярэдадні выбараў. Ідзе непрыхаванае запалохваньне народу!» – сказаў пасьля вызваленьня зь ЦІПу актывіст Андрэй Зуеў.

Навапалачане зьбіраюцца абскардзіць пастанову судзьдзі Балаболавай у Віцебскім абласным судзе.

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.