Аўторак, 30 Чэрвень 2020

Алега Баразну аштрафавалі на 1215 рублёў за ўдзел у «ланцугу салідарнасьці»

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Алег Баразна Алег Баразна

Віцебскага актывіста і прыхільніка «Краіны для жыцьця» Алега Баразну суд Кастрычніцкага раёну Віцебску пакараў за парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (ч.3 арт. 23.34 КаАП) штрафам у памеры 45 базавых велічынь. Суд прызнаў Баразну вінаватым у тым, што 19 чэрвеня той «стаяў у ланцужку людзей, якія выказвалі пратэст».

Адміністрацыйную справу Алега Баразны разглядаў 30 чэрвеня судзьдзя Ільля Белавус.

Гэта была ўжо другая спроба асудзіць актывіста па той жа справе. Раней, 25 чэрвеня, судзьдзя адправіў матэрыялы на дапрацоўку. Супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС, а дакладней – міліцыянт Віталь Праліч, паспрабаваў больш дакладна сфармуляваць сутнасьць меркаванага правапарушэньня. Паводле пратаколу, 19 чэрвеня Алег Баразна «узяў удзел у несанкцыянаваным пікетаваньні ў выглядзе ланцужку людзей, якія выказвалі пратэст у сувязі з затрыманьнем прэтэндэнтаў у кандыдаты на прэзыдэнта».

Алег Баразна сваёй віны не прызнаў. Ён патлумачыў судзьдзі, што ні ў якім «ланцужку» не стаяў, а знаходзіўся на пачатку чаргі людзей, якія хацелі паставіць подпіс за патэнцыйнага кандыдата Віктара Бабарыку і гэтым самым выказаць яму падтрымку, бо ўжо на той момант Бабарыка знаходзіўся за кратамі.

Ані міліцэйскае відэа, ані скрыны, прагледжаныя на судзе, не пацьвердзілі вінаватасьць актывіста. Супрацоўнік Кастрычніцкага РАУС Праліч акрамя сьцьверджаньня, што «ён сам там знаходзіўся», ня меў больш аніякіх доказаў.

Тым ня менш судзьдзя Белавус прызнаў Алега Баразну вінаватым і аштрафаваў яго паводле ч.3 арт. 23.34 КаАП на 45 базавых велічынь (1215 рублёў).

Ад траўня 2020 году Баразну ўжо ў чацьвёрты раз прыцягнулі да адміністрацыйнай адазнасьці паводле  артыкулу 23.34. Агулам віцебскія суды аштрафавалі актывіста на 135 базавых велічынь, а гэта складае на сёньня 3645 рублёў. Апроч таго, Баразна некалькі сутак да суду правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня.

Адзначым, што 30 чэрвеня той жа судзьдзя Ільля Белавус аштрафаваў на 38 базавых велічынь (1026 рублёў) актывістку «Краіны для жыцьця» Юлію Барсукову. Яе таксама судзілі за ўдзел у «ланцугу салідарнасьці» 19 чэрвеня.

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.