Чацвер, 27 Жнівень 2020

Затрыманых удзельнікаў «ланцугу айцішнікаў» судзілі ў ІЧУ – штрафы і папярэджаньне

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Наста Галавінец пасьля вызваленьня з ІЧУ Наста Галавінец пасьля вызваленьня з ІЧУ

Суды над затрыманымі 26 чэрвеня ўдзельнікамі ланцугу салідарнасьці, які адбыўся днём раней на праспэкце Будаўнікоў каля ГЦ «Амега», прайшлі ў закрытым рэжыме на тэрыторыі ізалятара часовага ўтрыманьня (ІЧУ). Чатырох віцяблян прызналі вінаватымі паводле арт. 23.34 КаАП: трох пакаралі штрафамі, адну ўдзельніцу папярэдзілі.

Віцябляне Анастасія Галавінец, Яна Шэцікава, Андрэй Дробыш і Канстанцін Клемянок былі затрыманыя 26 чэрвеня падчас акцыі салідарнасьці і правялі суткі да суду ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Разгляд справаў меўся адбыцца ў судзе Першамайскага раёну. Але, як патлумачылі журналістам у сакратарыяце, 27 чэрвеня суд быў перагружаны, таму было прызначанае выязное паседжаньне ў будынку ІЧУ.

Справы разглядала судзьдзя Натальля Карабліна.

Наста Галавінец, якая стаяла ў «ланцугу айцішнікаў» з чырвона-зялёным дзяржаўным сьцягам, атрымала за нібыта парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах папярэджаньне. 22-гадовая Яна Шэцікава трымала падчас акцыі бел-чырвона-белы сьцяг, і яе аштрафавалі (прызналася, што не запомніла нават на колькі, бо моцна хвалявалася). Супрацоўнік адной з віцебскіх IT-кампаній Канстанцін Клемянок пакараны штрафам у памеры 2 базавыя велічыні (54 рублі). Андрэй Дробыш аштрафаваны на 5 базавых велічынь (135 рублёў).

Падчас акцыі былі таксама затрыманыя віцебскія журналісты Аляксандар Корнышаў і Юлія Аляшкоўская, але абодвух адпусьцілі яшчэ ўчора з будынку Першамайскага РАУС Віцебску.

Як расказаў карэспандэнт выданьня «Витебский Курьер News» Аляксандар Корнышаў пад учорашні «хапун» каля «Амегі» траплялі таксама зусім выпадковыя людзі, напрыклад грамадзянін Іосіф Дулеба, які знаходзіўся на адлегласьці 20 мэтраў ад «ланцугу».

За два апошнія дні гэта была ўжо другая мірная акцыя, якую разагналі віцебскія супрацоўнікі МУС.

Зьміцер Міраш