Панядзелак, 21 Верасень 2020

Суды за мірныя маршы: Каваленка – 10 базавых, Кулакову – 7, Яскевіч – папярэджаньне

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Алена Каваленка Алена Каваленка

У судзе Першамайскага раёну Віцебску 21 верасьня судзілі паводле арт.23. 34 КаАП вядомых у горадзе асобаў. Старшыня віцебскай гарадзкой арганізацыі АГП Ірына Яскевіч за ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці атрымала папярэджаньне, грамадзкая актывістка Алена Каваленка – 10 базавых, а ўладальнік двух «жывемабіляў» Андрэй Кулакоў – 7 базавых велічынь.

Амаль месяц спатрэбіўся супрацоўнікам міліцыі Першамайскага раёну, каб давесьці да суду справу аб адміністрацыйным правапарушэньні, якое Ірынай Яскевіч нібыта ўчыніла яшчэ 23 жніўня. Паводле міліцыянтаў, у гэты дзень грамадзянка Яскевіч у парушэньні парадку, устаноўленага законам аб масавых мерапрыемствах, узяла актыўны ўдзел у недазволеным мясцовымі ўладамі масавым мерапрыемстве і выкрыквала лёзунгі.

З выкладзенымі ў пратаколе фактамі Ірына Яскевіч не пагадзілася. Зь яе словаў, у той дзень яна рабіла штодзённы шпацыр. Тое, што побач зь ёй па вуліцы Смаленскай прайшла калёна пратэстоўцаў, яна нават не заўважыла.

Паколькі Ірына Яскевіч упершыню сутыкнулася з судовым разборам, то ніяк не магла зразумець, чаму яе абвінавацілі ў адміністрацыйным правапарушэньні, якое не зьдзяйсьняла. Відэазапіс не пацьвердзіў актыўны ўдзел у шэсьці, і Яскевіч хадайнічала, каб у суд выклікалі міліцыянтаў, датычных да складаньня пратаколу. Судзьдзя Вераніка Барысава хадайніцтве адхіліла. У сваю чаргу, Яскевіч выказала судзьдзі недавер, але і ён быў праігнараваны.

Ірына Яскевіч

«Я не крычала нічога. Ніякіх лёзунгаў, тым больш невядомых, не выгуквала… Я лічу, што пратакол недапрацаваны. Калі гэтая жанчына, падобная на мяне, нешта крычала, дык што? Вы (да судзьдзі) таксама ня хочаце мяне пачуць. Я так і не зразумела, за што мяне судзяць», – абуралася на судзе Ірына Яскевіч.

Судзьдзя Барысава палічыла ўдзел Яскевіч у шэсьці даказаным і вынесла ёй папярэджаньне.

Алену Каваленка, былую жонку вядомага віцебскага актывіста Сяргея Каваленкі, які ў 2010 годзе вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг на галоўнай навагодняй ялінцы Віцебску, судзілі за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу 13 верасьня. Судзьдзя Міхаіл Юрчанка аштрафаваў жанчыну на 10 базавых велічынь (270 рублёў).

Уладальніка легендарных у Віцебску «жывемабіляў» Андрэя Кулакова таксама вінавацілі ў правапарушэньні, прадугледжаным ч.1 арт. 23.34 КаАП. Ягоную справу ў судзе Першамайскага раёну таксама разглядаў Міхаіл Юрчанка. Ён прызнаў актывіста вінаватым. За ўдзел у мірных шэсьцях, якія прайшлі ў Віцебску 30 жніўня і 6 верасьня, Андрэй Кулакоў пакараны штрафам у памеры 7 базавых велічынь (189 рублёў).

С. Горкі