25 верасня чакаліся суды над затрыманымі напярэдадні, але да абеду з СІЗА вызвалілі толькі студэнтку ветакадэміі Анастасію Чарнавок, якая паведаміла, што ў ізалятары знаходзіцца шмат затрыманых. На жаль, прозвішчы многіх дагэтуль не ўдалося высветліць. Па словах Насты, яе судзілі праз скайп і перанеслі паседжанне на 8 кастрычніка (9.30, суд Чыгуначнага раёну).
Да 18.00 з СІЗА таксама выпусцілі затрыманых 24 верасня лекарку Віцебскай абласной больніцы Кацярыну Бажанкову і віцябляніна Дзмітрыя Карняенку. Іх справы разглядаў суд Першамайскага раёну.
Кацярына Бажанкова
Кацярына атрымала папярэджанне за ўдзел у шэсці 23 верасня, Дзмітрыя аштрафавалі на 4 базавыя велічыні за ўдзел у маршы 6 верасня. Карняенка паведаміў, што 6 кастрычніка яго зноў будуць судзіць – за шэсце 13 верасня (суд Першамайскага раёну, пачатак 14.30).
Дзмітрый Карняенка
Каля 18.30 дзяжурны СІЗА паведаміў сваякам і сябрам затрыманых, што суды ўжо скончыліся і больш нікога не вызваляць. Такім чынам, за кратамі следчага ізалятару застаюцца 18-гадовая віцяблянка Сафія Цярэнцьева, студэнтка медуніверсітэту Паліна Нітчанка і шэраг іншых людзей, прозвішчы якіх высветліць пакуль не ўдаецца.
Адвакатка Паліны Нітчанка паведаміла чакальцам, што суд над дзяўчынай адбудзецца толькі ў нядзелю 27 верасня (у гэты дзень сканчаюцца 72 гадзіны ад моманту затрымання). Яе справу павінен быў разгледзець сёння суд Кастрычніцкага раёну, але з невядомых прычын гэтага не зрабіў.
Калі будуць судзіць Сафію Цярэнцьеву ды іншых затрыманых – у суботу ці нядзелю – пакуль невядома.
Зміцер Міраш