Чацвер, 29 Кастрычнік 2020

Без доказаў: выкладчыцу юрыдычнага факультэту ВДУ аштрафавалі на 324 рублі

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Святлана Вашэцькова на судзе Святлана Вашэцькова на судзе

28 кастрычніка суд Кастрычніцкага раёну Віцебску аштрафаваў выкладчыцу юрыдычнага факультэта ВДУ Святлану Вашэцькову на 12 базавых велічынь па водле арт. 23.34 КаАП. Ніякіх істотных доказаў яе ўдзелу ў мірнай акцыі не было. Справу разглядаў суддзя Уладзімір Царыкаў.

Адбыліся два судовыя паседжанні. На першым, 22 кастрычніка, былі прадэманстраваныя два відэазапісы шэсця. Сярод удзельнікаў, згодна з рапартам міліцыянтаў, прысутнічае і Святлана Вашэцькова ў масцы. Паводле пратаколу, яна «4 кастрычніка ўзяла актыўны ўдзел у несанкцыянаваным вулічным шэсці па маршруце «праспект Перамогі – праспект Маскоўскі – вуліца Церашковай» і, узяўшыся за рукі з іншымі ўдзельнікамі, рухалася ў кампаніі грамадзянаў, якія трымалі бел-чырвона-белыя сцягі і выкрыквалі лозунгі».

Сябе на відэа жанчына не апазнала і прызнаваць віну катэгарычна адмовілася. Сказала, што ў гэты дзень хадзіла ў крамы.

Пададзеных доказаў аказалася недастаткова, і суддзя вырашыў выклікаць у суд сведкаў.

На другім пасяджэнні 28 кастрычніка ў якасці сведак выступілі супрацоўнік міліцыі Віталь Праліч, які напісаў рапарт, і загадчык кафедры грамадзянскага права і грамадзянскага працэсу юрфаку ВДУ Ігар Шматко.

Ім яшчэ раз прадэманстравалі тыя відэазапісы.

Загадчык кафедры, на якой больш за 10 гадоў працуе разам са Святланай, не змог апазнаць яе. Затое супрацоўнік МУС Віталь Праліч, які з ёй амаль незнаёмы і бачыў яе толькі аднойчы (жанчына прыходзіла ў аддзяленне на прафілактычную размову), заявіў, што гэта яна – і ніякіх сумневаў быць не можа.

На пытанне суддзі, як ён яе апазнаў, Праліч адказаў: «Знешні выгляд не дае аніякіх сумневаў, што гэта яна, таму што на відэа за 4 кастрычніка куртка, у якой яна знаходзіцца на відэа, была на ёй падчас прафілактычнай гутаркі». Пры гэтым міліцыянт заявіў, што на размову яна прыходзіла ў масцы і ейнага твару ён не пабачыў.

Супрацоўніца ўніверсітэту заявіла на гэта, што гэта суб'ектыўна, бо ў такіх куртках ходзіць паўгорада.

Суддзя зрабіў перапынак, каб азнаёміцца ​​з відэазапісамі з іншых адміністрацыйных спраў за ўдзел у шэсці 4 кастрычніка, якія ўжо былі разгледжаныя раней – раптам там будуць якія-небудзь доказы. Пасля перапынку агледзелі яшчэ некалькі відэафрагментаў, у тым ліку і відэа з распыленнем міліцыянтамі газу супраць мірных грамадзянаў, але ніякіх дадатковых доказаў не было знойдзена.

Тым не менш, гэта не перашкодзіла Уладзіміру Царыкаву аштрафаваць выкладчыцу. Прызначанае пакаранне – 12 базавых велічынь (324 рублі).

Адразу пасля суду над Вашэцьковай былі затрыманыя актывісты Андрэй Кулакоў і Караліна Цярэнцьева, якія прыйшлі падтрымаць выкладчыцу. Прычыну затрымання міліцыянты не патлумачылі.

Уладзімір Бяляўскі