Віцябляне Таццяна Арэх і Яўген Іваноў 15 лістапада падышлі да будынку УУС Віцебскага аблвыканкаму і ўсклалі на прыступкі да галоўнага ўваходу дзве ружы – белую і чырвоную. Пасля гэтага, як напісана ў пратаколе, «паднялі рукі ўверх, чым выказалі пратэст супраць выбараў і міліцэйскага гвалту, зладзіўшы незаконнае пікетаванне».
Таццяна і Яўген былі неўзабаве затрыманыя і змешчаныя ў СІЗА, дзе прабылі некалькі сутак да суду. У мужчыны арыштавалі тэлефон.
Справу Таццяны Арэх разгледзеў 17 лістапада суддзя Ілля Белавус. Ён прызнаў жанчыну вінаватай і вынес папярэджанне. Да суду яна адбыла за кратамі двое сутак.
«За кветку – суткі, за дзве – двое сутак. Такі ў іх тарыф», – жартуе пасля вызвалення Таццяна.
Па словах жанчыны, у той жа дзень на волю з СІЗА выйшлі 7 яе сукамерніц, якія таксама былі затрыманыя ў нядзелю 15 лістапада і абвінавачаныя ў парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Акрамя ўжо адседжаных да суду сутак, ім прысуджалі штрафы.
Яўгена Іванова судзілі 18 лістапада. Ён шматдзетны бацька, які адзін выхоўвае траіх няпоўнагадовых дзяцей. Падчас працэсу казаў, што, ускладаючы кветкі, не выказваў ніякага пратэсту – проста хацеў ушанаваць памяць забітага Рамана Бандарэнкі.
«Чаму менавіта да будынку міліцыі? Таму што акурат міліцыя павінна была папярэдзіць гэтую смерць...» – патлумачыў на судзе Яўген Іваноў.
Суддзя Уладзімір Царыкаў прызнаў мужчыну вінаватым (ч.3 арт. 23.34 КаАП) і прысудзіў арышт на трое сутак. У той жа дзень Яўген Іваноў выйшаў на волю.
Раней мы паведамлялі, што ў Віцебску падчас і пасля маршу памяці Рамана Бандарэнкі 15 лістапада былі затрыманыя больш за 20 чалавек.
Зміцер Міраш