Чацвер, 03 Снежань 2020

Віцябляніну, які бараніў падчас шэсця жанчыну, прысудзілі два з паловай гады калоніі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Аляксандр Кірыленка Аляксандр Кірыленка

У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску 3 снежня агучылі прысуд у дачыненні 33-гадовага індывідуальнага прадпрымальніка Аляксандра Кірыленкі. Яго вінавацілі ва ўчыненні гвалту да супрацоўніка МУС (арт. 364 КК) падчас вулічнага шэсця 6 верасня. Суддзя Іна Грабоўская прызнала мужчыну вінаватым і пастанавіла пакараць пазбаўленнем волі на два з паловай гады.

Інцыдэнт, які інкрымінавалі Аляксандру Кірыленку, адбыўся 6 верасня падчас вулічнага шэсця на вуліцы Праўды ў Віцебску. Кірыленка хацеў перадухіліць гвалт у дачыненні пажылой жанчыны з боку міліцыянта і адштурхнуў яго. Пацярпелы – супрацоўнік Першамайскага РАУС Віцебску старшы прапаршчык Юрый Валейчанка, сцвярджаў на судзе, што праз атрыманае ўздзеянне "згубіў прасторавую арыентацыю" і "перажыў фізічныя пакуты". Аляксандр Кірыленка быў жорстка затрыманы на месцы сутычкі.

Як высветлілася, пацярпелы міліцыянт Юрый Валейчанка прасіў суд аб маральнай кампенсацыі за перанесеныя пакуты – 1500 рублёў. Суд задаволіў патрабаванне. Сям'я абвінавачанага выплаціла гэтую суму Валейчанку яшчэ да абвяшчэння прысуду. Пацярпелы, у сваю чаргу, напісаў сваякам распіску, што не мае больш прэтэнзій і што не настойвае на тым, каб у дачыненні абвінавачанага суд прымяняў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі.

Пацярпелы старшы прапаршчык міліцыі Юрый Валейчанка 

Але суд вырашыў па-свойму.

Аляксандр Кірыленка прызнаны вінаватым «ва ўчыненні гвалту да супрацоўніка органаў унутраных спраў з мэтай перашкоджання яго законнай дзейнасці і прымусу да змены характару гэтай дзейнасці».

Суддзя Іна Грабоўская пастанавіла пакараць мужчыну пазбаўленнем волі на тэрмін 2 гады і 6 месяцаў з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму.

Днём раней пракурорка Крысціна Мацвеева прасіла пакараць Аляксандра Кірыленку трыма гадамі зняволення.

Як мяркуе віцебскі праваабаронца Павел Левінаў, суд павінен быў апраўдаць мужчыну, у горшым выпадку - прызначыць пакаранне, звязанае з абмежаваннем волі, але ні ў якім выпадку - не з яе пазбаўленнем.  

Зміцер Міраш