«Ці справядліва пакаралі? Канечне, не! Я проста гуляла з сяброўкай... Яны думаюць, што штрафамі ды суткамі напалохаюць нас. Але я працягну гуляць і надалей», – сказала пасля суду Ангеліна Туравец.
23 лістапада Ангеліна Туравец, якая на той момант знаходзілася пад вартай у СІЗА, была прызнаная ў гэтай жа справе невінаватай (суддзя Міхаіл Зубеня). Але начальнік Віцебскага РАУС Іваноў абскардзіў тое рашэнне ў абласным судзе, у выніку справу накіравалі на новы разгляд. Разбірала яе гэтым разам суддзя Наталля Траццякова.
Паводле пратаколу, Ангеліна Туравец 15 лістапада ўзяла ўдзел у несанкцыянаваным вулічным шэсці з мэтай выказвання пратэсту супраць парадку правядзення выбараў і гвалту. Сваёй віны дзяўчына не прызнала. Патлумачыла, што проста гуляла па вуліцы Леніна разам з сяброўкай.
На міліцэйскім відэа Ангеліна знаходзілася на пэўнай дыстанцыі ад калоны пратэстоўцаў. Тым не менш, суддзя палічыла, што чалавек, які да гэтага 4 разы прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці паводле арт. 23.34, не мог выпадкова апынуцца ў месцы правядзення акцыі пратэсту.
Суддзя прызнала Ангеліну Туравец вінаватай і пакарала яе штрафам у памеры 40 базавых велічынь (1160 рублёў).
Сапраўды, пасля прэзідэнцкіх выбараў Ангеліну Туравец да гэтага 4 разы прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці паводле арт. 23.34. Яе каралі штрафамі і адміністрацыйнымі арыштамі. Агулам у віцебскім СІЗА дзяўчына правяла 10 сутак. На сённяшні суд таксама прыходзіла з так званым «камплектам для СІЗА» ў заплечніку.
Зміцер Міраш