Справу разглядае суддзя Сяргей Будрэвіч. Сярод удзельнікаў працэсу – дзевяць пацярпелых міліцыянтаў, якія на першым паседжанні давалі свае паказанні. На пачатак працэсу ўсе ахвотныя не трапілі, у тым ліку журналісты.
Арцём Ісакаў быў затрыманы 25 кастрычніка ў межах адміністрацыйнага разбору. За парушэнне закону аб масавых мерапрыемствах яго аштрафавалі на 10 базавых велічыняў. У межах крымінальнай справы знаходзіцца ў СІЗА ад 28 кастрычніка.
Паводле пракуратуры, 25 кастрычніка Арцём Ісакаў узяў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным масавым шэсці. Абвінавачанне сцвярджае, што Ісакаў не менш двух разоў “распыліў струмень пярцовага газу ў бок твараў і тулаваў міліцыянтаў Вайцяхоўскага, Іванова, Сянкевіча”. Гэтымі дзеяннямі Ісакаў, паводле пракуратуры, перашкодзіў міліцыянтам затрымаць нецвярозага грамадзяніна, які выкрыкваў абразлівыя словы ў іх бок. Сцвярджаецца, што Ісакаў таксама выкрыкваў нецэнзурныя словы, паказваў сярэдні палец левай рукі, пасля чаго збег з месца злачынства. Дзеянні Ісакава былі кваліфікаваныя паводле арт. 364 КК – як гвалт у дачыненні супрацоўнікаў унутраных справаў з мэтай перашкоды іх службовай дзейнасці.
Пазней, падчас свайго затрымання ў раёне вуліцы Чкалава, Ісакаў, паводле абвінавачання, не менш трох разоў распыліў пярцовы газ у бок міліцыянтаў Аненкава, Дунца, Лазукі, Радкевіча, Ратнікава. Гэтым нібыта прычыніў фізічны боль супрацоўнікам міліцыі (дзеянні кваліфікаваныя таксама паводле арт. 364 КК).
Арцём Ісакаў прызнаў сваю віну часткова.
У першы дзень судовага даследавання суд пачаў апытваць пацярпелых міліцыянтаў. Усе яны паведамілі, што ў той ці іншай ступені пацярпелі пасля распылення Ісакавым пярцовага газу. У найбольшай ступені пацярпеў Мікалай Вайцяхоўскі, які, з ягоных слоў, змог вярнуцца да выканання сваіх абавязкаў толькі праз хвілін 30-50. Казаў, што газ яму трапіў непасрэдна ў твар.
Пацярпелыя міліцыянты 25 кастрычніка былі апранутыя ў цывільнае адзенне і выконвалі свае службовыя абавязкі, знаходзячыся ў калоне пратэстоўцаў. Паводле супрацоўнікаў, яны меліся спыняць супрацьпраўныя дзеянні: канфіскоўваць незарэгістраваную сімволіку ці затрымліваць нецвярозых грамадзян.
Супрацоўнікі МУС паведамілі ў судзе, што ў дачыненні да іх «грамадзяне былі настроеныя агрэсіўна, заклікалі пераходзіць на бок народу, абражалі крыўднымі словамі».
Суд працягнецца 12 студзеня (пачатак у 10.30).
С. Горкі