Аўторак, 23 Люты 2021

Прысуд Юліі Кашаверавай: паўтары гады калоніі – за ўдары нагой па міліцэйскім бусе

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

23 лютага суд Кастрычніцкага раёну Віцебску завяршыў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да 22-гадовай віцяблянкі Юліі Кашаверавай, якую прызнаў вінаватай у наўмысных дзеяннях, якія парушалі грамадскі парадак і прычынілі шкоду чужой маёмасці. Дзеянне кваліфікаванае, як хуліганства. На падставе ч.1 арт. 339 КК суд прысудзіў Кашавераву да пазбаўлення волі на 1 год і 6 месяцаў у калоніі агульнага рэжыму.

Да вынясення прысуду ў судовым паседжанні былі паўторна даследаваныя паказанні Юліі Кашаверавай, якія мелі пэўныя разыходжанні, а таксама параўнаныя два відэазапісы, пададзеныя рознымі бакамі судовага следства.

Як вынікае з канчатковага выраку, суд улічыў аргументацыю, выказаную адвакатам падчас слухання 23 лютага. Замест шасці гадоў зняволення, запатрабаваных пракуратурай паводле ч. 2 арт.339 («Злоснае хуліганства»), дзеянні Юліі Кашаверавай былі перакваліфікаваныя на частку 1 арт. 339 («Хуліганства»).

У тэрмін пакарання суд залічыў Кашаверавай час знаходжання пад вартай ад 20 кастрычніка 2020 году да 22 лютага 2021 году.

Суддзя Сяргей Будрэвіч адмовіў у задавальненні грамадзянскага пазову пракурору гораду Віцебску, заяўленага ў інтарэсах аўтагаспадаркі УУС аблвыканкаму. Арышт, накладзены на прыватныя рэчы асуджанай Кашаверавай, суд адмяніў.

С. Горкі